прагрэ́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад прагрэць.
2. у знач. прым. Які прагрэўся; поўнасцю нагрэты. Мартын Рыль, апёршыся на локаць, ляжыць на баку на прагрэтым дзірване. Колас. Востра запахла прагрэтым чабаром. Курто.
прагрэ́ў, ‑грэву, м.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. праграваць — прагрэць і стан паводле знач. дзеясл. прагравацца — прагрэцца.
прагрэ́цца, ‑грэюся, ‑грэешся, ‑грэецца; зак.
Поўнасцю пагрэцца. Стоячы на ўзгорку, дзе зямля ўжо падсохла, прагрэлася і рунь па-вясноваму зазелянела, Іван Васільевіч па жартаўлівых рэпліках, па іншых дробязях, па тым, напрыклад, як прыкурвалі, як смяяліся, адчуў: раптам змяніліся адносіны да яго гэтых двух саўгасных кіраўнікоў. Шамякін. Лес ужо добра прагрэўся сонцам, ад сасняка, які рос недалёка, патыхала цёплай смалой і багуном. Хомчанка.
прагрэ́ць, ‑грэю, ‑грэеш, ‑грэе; зак., што.
Добра, поўнасцю нагрэць. [Якаў] садзіцца ў кабіну, каб прагрэць матор. Кулакоўскі.
прагугні́ць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., што і без дап.
Разм. Тое, што і прагугнявіць. За дзвярамі раптам зашоргалі босыя ногі, і той жа гаспадынін голас прагугніў: — Хм, хай бы ішла. Лобан.
прагугня́віць, ‑няўлю, ‑нявіш, ‑нявіць; зак., што і без дап.
Разм. Сказаць у нос гугнявым голасам. — Ды маўчы ты, нябож, — злёгку прыпалоханы маім нечаканым з’яўленнем, прагугнявіў у нос Назар. Сачанка.
прагудзе́ць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; ‑дзім, ‑дзіце; зак.
Разм. Тое, што і прагусці. Дзесьці далёка-далёка ледзь чутна прагудзеў паравоз. Лынькоў. Коней прывязалі да плота, і Хоміч, падзюбаўшы двума тоўстымі пальцамі ў шыбу, прагудзеў магічнае ў той час: — Эй, гаспадар, адчыні! Брыль.
прагука́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
1. Пракрычаць, гукнуць. — Цішэй, грамадзяне! — прагукаў .. [Рыгор] і абярнуўся назад. Гартны.
2. Гукаць некаторы час.
прагу́л, ‑у, м.
Няяўка на работу без уважлівых прычын. [Бялькевіч:] — У яго нават падлічана па месяцах, колькі прагулаў зроблена па кожнай брыгадзе. Савіцкі.
прагу́лачны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да прагулкі, прызначаны для прагулкі. Каб вярней папасці на сходку, .. [Рыгор] завідна прагулачным шагам пайшоў на Задзвінне. Гартны. Неяк нядзельным надвячоркам мы плылі на вялікім прагулачным параходзе. Грахоўскі. Да галоўнай алеі прымыкаюць прагулачныя дарожкі, таксама абсаджаныя дрэвамі. Гавеман.