Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

уздыха́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. уздыхаць; уздых.

уздыха́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Рабіць уздыхі. — Добрая душа гэта паненка, — казала бабка і ўздыхала. Колас. Відаць, не лягчэй на сэрцы было і ў Паўліка, бо ён прыціх і толькі час ад часу ўздыхаў. Бяганская. / у перан. ужыв. Вада і неба былі чорныя, глуха ўздыхала бездань акіяна. Хомчанка. Уздыхаў на пероне цягнік, Залатыя губляючы іскры. Глебка.

2. перан.; па кім-чым. Сумаваць, тужыць. Уздыхаць па далёкай радзіме. □ [Цёця Каця:] Вас мне шкада, Аляксандр Пятровіч. [Чарнавус:] Чаго ж па мне ўздыхаць? Я ж не памёр. Крапіва. Трэці быў няўклюдны малы, які ўвесь час уздыхаў па нейкай сваёй гармоні. Лынькоў. // па кім. Быць закаханым у каго‑н. Добры быў хлопец, А зараз па ім Болей дзяўчына Не будзе ўздыхаць, — П’яніц дзяўчаты Не хочуць кахаць. Корбан.

уздыхну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

1. Аднакр. да ўздыхаць (у 1 знач.).

2. Перадыхнуць, адпачыць. [Антось:] — Знайсці то знайшоў, ды вельмі ж занятыя яны [сваякі]: і днём і ноччу на будоўлі, уздыхнуць няма калі. Кулакоўскі.

•••

Уздыхнуць свабодна (вольна); уздыхнуць на поўныя грудзі — адчуць палёгку, вызваліўшыся ад клопатаў і пад.