Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

узако́ньваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да узаконіць.

узаме́н, прысл. і прыназ.

1. прысл. У абмен, замест аднаго што‑н. другое. Вадзік саступіў на просьбу хлапчука, зняў са штаноў папружку і аддаў узамен па ножык. Гамолка. [Тарасюк:] — Няхай не крыўдуюць [вашы] мужчыны, што мы забралі іхнюю вопратку і нічога не можам пакінуць узамен. С. Александровіч.

2. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «узамен» вырашае аб’ектныя адносіны; ужываецца для ўказання на асобу ці прадмет, якія замяшчаюцца іншай асобай ці прадметам. Прыхаджане ссыпалі [у каробку і мяхі] плату за ачышчэнне ад грахоў, узамен чаго атрымоўвалі квіткі. Крапіва.

уза́пар, прысл.

Разм. Тое, што і запар. Колькі дзён узапар сеяў ціхі, цёплы дожджык. Даніленка. Тры чырвоныя ракеты — адна за другой узапар — узвіліся ў хмарнае асенняе неба. Навуменка.

узапхну́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм. Дзеепрым. зал. пр. ад узапхнуць.

узапхну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.

Разм.

1. Пхаючы, падняць наверх. Узапхнуць воз па ўзгорак. Узапхнуць чамадан на верхнюю палку.

2. З цяжкасцю надзець, нацягнуць што‑н. вузкае, цеснае. Ледзь узапхнуў боты на ногі. // Надзець наспех які‑н. абутак. Узапхнуў сандалі і бягом на вуліцу.

3. Узваліць працу на каго‑н. — Ты паслухай, паслухай, што на нас гэты, гэты... узапхнуць хоча! — .. бацька гнеўна павярнуўся ўжо да Улі. Паўлаў.

узара́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад узараць.

узара́ць, ‑ару, ‑арэш, ‑арэ; ‑аром, ‑араце; зак., што.

Апрацаваць зямлю плугам. Узараць цаліну. Узараць папар. □ Год за годам людзі адбудаваліся, узаралі задзірванелыя палі. Дуброўскі.

узарва́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад узарваць.

узарва́цца, ‑рвуся, ‑рвешся, ‑рвецца; ‑рвёмся, ‑рвяцеся; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разбурыцца ад узрыву; разарвецца, разляцецца на часткі. І раптам пад ногі .. [фашыстам] паляцела з-за машыны граната. Але не ўзарвалася. Яўген не выцягнуў чаку. Новікаў. Снарад, відаць, прабіў браню, бо танк узарваўся. Шамякін. // Разбурыцца ад напору знутры. На таполях узарваліся клейкія набрынялыя пупышкі, і на налітых цяжкім сокам галінах успыхнулі зеленаватыя іскрынкі. Лукша. / у перан. ужыв. Хто можа паручыцца, што перамір’е не ўзарвецца?.. Васілевіч.

2. перан. Парушыцца (пра цішыню і пад.). У зале на момант стала ціха-ціха. І раптам цішыня ўзарвалася. Шыцік. / у перан. ужыв. Калі ж зал узарвецца громам, Я хвіліну стаю ўтрапёная, Схамянуся — бягу за кулісы, Забываючы зноў пра паклон... Арочка.

3. перан. Разм. Выйсці з сябе, абурыцца, вельмі раззлавацца. Андрэй цярпеў-цярпеў, нарэшце, узарваўся. — Ідзі ты к чорту! — зароў дзікім голасам, павярнуўшыся да Яна. Чарнышэвіч. — Ды ў тваёй жа брыгадзе людзей — як у добрым палку! — зноў узарваўся Баркевіч. Шашкоў.

4. Разм. Усхапіцца, ускочыць. Сурвільчык раптам узарваўся з месца, хапіў з-пад стала збан вады і лінуў на Адася. Чорны. Завішнюк .. будзе доўга так сядзець — як і ўчора. Сядзець і думаць... Пасля ўзарвецца са свайго пня, як утрапёны, і будзе крычаць аж да самага вечара. Пташнікаў.

узарва́ць, ‑рву, ‑рвеш, ‑рве; ‑рвём, ‑рвяце; зак., каго-што.

1. Разбурыць, знішчыць выбухам; падарваць. [Маеўскі:] — Гнядкоў! Сабірай сваіх падрыўнікоў. Узарві спачатку масты, пасля — вадакачку і стрэлкі. Шамякін. // Разбурыць напорам знутры. Праз тыдзень — другі імклівая плынь узарве, раскрышыць ледзяны панцыр, і Нёман .. панясе свае воды на поўнач — у Літву. «ЛіМ». / у перан. ужыв. Кастрычнік узарваў стары ўвесь лад. Астрэйка.

2. Узадраць, парушыць цэласць чаго‑н. Вось .. [Юрка] расшыў адзін .. край [пасылкі] і, узарваўшы фанернае вечка, заглянуў цсярэдзіну. Сіняўскі. // перан. Узараць. Я помню, як трактар той першы Прамчаў і ля нашых бяроз, Як дзедаўскую палоску Плугамі ўзарваў і панёс. Куляшоў.

3. перан. Парушыць чым‑н. спакой, цішыню і пад. [Стрэл] узарваў спакой летняе ночы і перакаціўся рэхам у наваколлі. Чарнышэвіч. Гром апладысментаў узарваў панаваўшую дагэтуль цішыню. Васілевіч.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Разм. Вывесці з сябе, абурыць, вельмі раззлаваць. Гэтая ветлівасць узарвала Андрэя, хоць ён даў сабе слова размаўляць зусім спакойна. Шахавец. — Ну і дэмагог жа ты! — узарвала Таццяну. Пальчэўскі.