Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сядзёлка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

Абл. Падсядзёлак. На шыі ў кабылы абадраны стары хамут, пад яго пакладзена сукенка. Пад сядзёлкай таксама сукенка ў тры столкі. Галавач.

сядзі́ба, ‑ы, ж.

1. Жылыя і гаспадарчыя пабудовы разам з садам, агародам, якія складаюць адну гаспадарку (у сельскай мясцовасці). Перад .. [Нявідным] раскрываецца круглая паляна, а на паляне відаць сядзіба — хутар ці сярэдняй рукі фальварак. Колас. Суровая, марозная была зіма, снегам замяло дарогу, што вяла з лесу ў далёкую панскую сядзібу. Лупсякоў. — Я так мяркую, — казаў .. [Ксяпевіч] далей, — што хоць сядзіба Несцяровічаў у нізіне, з гарышча хаты ці з вышак адрыны ўся шаша як на далоні. Новікаў. // Памешчыцкі дом як цэнтр маёнтка. Відны фрагменты драўлянай сядзібы і карчмы з заезным дваром за масіўнай сцяной. «Помнікі». // Гаспадарчы і жылы цэнтр сельскагаспадарчага прадпрыемства (саўгаса, калгаса і пад.). Люся другі месяц жыла з бацькамі на цэнтральнай сядзібе саўгаса «Дружба». Даніленка. Ад эмтээсаўскай сядзібы метраў з чатырыста — і поле. Лобан. // Разм. Наогул — месца, дзе размяшчаецца якая‑н. установа. У грамадзянскую вайну цеснаватыя пакоі гэтага, дома на нейкі час сталі сядзібай польскай дэфензівы і, напэўна, нямала б маглі расказаць аб мужнасці перад вачыма смерці барацьбітоў антыбелапольскага падполля і беларускіх партызан 1919 года У. Шумскага, С. Плашчынскага і інш. Ліс.

2. Зямельны ўчастак, заняты збудаваннямі ў адрозненне ад зямлі пад палямі, лугамі, лесам. [Сымон:] — А якая ў мяне сядзіба! Шостая частка яго [Халусты]. Чарнышэвіч. Сядзіба ў Мацея Глоткі шырокая, а от жа наважыў новую хату паставіць ледзь не ўпрытык да суседскіх акон. Марціновіч. // Зямельны ўчастак каля дома, заняты агародам, садам; прысядзібны ўчастак. Усё забрала мачыха, прыхапіўшы і тое, што вырасла на сядзібе. Шамякін. На сядзібе былі яблыні, слівы і розныя садовыя пусты. Ермаловіч.

сядзі́бны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да сядзібы. [Курловіч] выйшаў за сядзібныя будынкі, трымаючы кірунак на агароды. Дуброўскі.

2. Звязаны з жыццём дваранскіх сядзіб. Цікавы помнік беларускай сядзібнай архітэктуры — палац памешчыка Шырына ў Германовічах (1782). «Помнікі».

сядзя́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, які сядзіць. Страляць у сядзячую птушку. / у знач. наз. сядзя́чы, ‑ага, м. // Разм. Пра хворага, раненага, які можа сядзець. Сядзячы ранены. // Такі, які бывае, калі сядзяць. Сядзячая поза. Заснуць у сядзячым становішчы. // Разм. Прызначаны для сядзення. Сядзячыя месцы ў вагоне.

2. Звязаны са знаходжаннем на адным месцы; маларухомы. Сядзячае жыццё. □ — Давай падсілкуемся, — запрасіў да сябе Алеся дзядзька Язэп. — Дарма, што работа ў нас сядзячая, апетыт і яна наганяе. Шахавец.

сядла́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. сядлаць.

сядла́цца, ‑аецца; незак.

Зал. да сядлаць.

сядла́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

Надзяваць і прымацоўваць сядло на спіну (каня, асла і пад.). І зноў на світанку Мы коней сядлалі. Хведаровіч. // Садзіцца верхам. Помню, Часта гарбы іх [валуноў] сядлала Басаногая наша гурма. Арочка.

сядло́, а́; мн. сёдлы (з ліч. 2, 3, 4 сядлы́), ‑аў; н.

1. Сядзенне для конніка, якое мацуецца на спіне каня, асла і пад. Сядло на кані пабялела ад снегу: коннік гадзіны тры не сядзеў на ім. Мележ. Набыць адразу так шмат сёдлаў і адпаведных коней было даволі нялёгка. Брыль. Ваяка меў цудоўнага каня. На тым кані ён вецер абганяў. Сядло ўсё пазалочана на ім, вуздэчка ўся ў зіхценні залатым. Дубоўка. // Скураное сядзенне матацыкла, веласіпеда. Рэзка тузануўшы нагою рычаг, Казімір завёў матацыкл, сеў на сядло. Краўчанка.

2. Назва розных дэталей для апоры, насадкі чаго‑н. Сядло клапана.

3. Прадаўгаватая ўпадзіна між дзвюма вышынямі ў горным хрыбце. Сядло Эльбруса.

•••

Выбіць з сядла гл. выбіць.

Як свінні сядло (падыходзіць) — зусім не пасуе (не падыходзіць).

сядло́ўка, ‑і, ДМ ‑лоўцы, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. сядлаць.

2. Спосаб, якім сядлаецца конь; характар сядлання. Спартыўная сядлоўка. Паходная сядлоўка.

сядня́, ‑і, ж.

Разм. Сядзенне (звычайна пра такое, што цягнецца гадзінамі, днямі). Ные спіна ад доўгай сядні, шуміць галава ад грукату. Пташнікаў. [Несцяровіч] не хацеў сядзець, яму хацелася прайсці пехатой кіламетраў дваццаць, так анямелі ад дзённай сядні ногі. Чорны.