Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

спага́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., каго-што.

Разм. Тое, што і апаганіць. Заваяваную свабоду Рабочы люд не дасць спаганіць. Купала. Хай кожны ведае паганец, Каго шануюць пры жыцці, Таго й па смерці не спаганяць, Ніхто не здолее зацьміць. Пушча.

спага́ньвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да спаганіцца.

2. Зал. да спаганьваць.

спага́ньваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да спаганіць.

спаганя́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. спаганяць — спагнаць (у 1 знач.).

спаганя́цца, ‑яецца; незак.

Зал. да спаганяць.

спаганя́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да спагнаць.

спагна́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. спагнаць (у 1 знач.).

2. Пакаранне за невыкананне або парушэнне чаго‑н. Курсантам .. [Максім] быў недысцыплінаваным — атрымаў не адно спагнанне. Шамякін.

спагна́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад спагнаць.

спагна́ць, ‑ганю, ‑гоніш, ‑гоніць; зак.

1. што. Прымусіць заплаціць, атрымаць ад каго‑н. прымусова. Спагнаць доўг. Спагнаць штраф. □ [Павал:] — Я яшчэ з .. [папа] спаганю тыя два рублі, якія ён з мяне здзёр. Чорны. Мільганула думка, што Адэлька з’явілася, каб спагнаць аліменты. Асіпенка.

2. што. Атрымаць задавальненне, выліўшы свой гнеў, дрэнны настрой на каго‑н. Ляснік дагнаў нас на кані і злосць спагнаў на нявінным чалавеку. Прокша. Сонным хадзіў [Лаўрэн] і не знаходзіў, на кім нуду сваю спагнаць. Баранавых. // Наогул атрымаць задавальненне ад чаго‑н. дасягнутага. Малое голад свой спагнала І спаць не хоча а-ні-ні. Колас.

3. без дап. Адпомсціць за крыўду, прычыненае зло і пад. За вялікую крыўду і чорт спагоніць. З нар.

спад, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Дзеянне і стан паводле дзеясл. спадаць — спасці (у 2, 3 знач.); паніжэнне ўзроўню, сілы, аб’ёму і пад. чаго‑н. Пераважная большасць апавяданняў Коласа напісана ў гады спаду рэвалюцыйнай хвалі. Навуменка. Так, усё ў жыцці мае ўздым і спад, пачатак і канец. Мележ. Жанчыны падхапілі песню .. з узлётамі і спадамі да шэпту. Грахоўскі.

2. Пакаты схіл, спуск з гары, абрыў. Вось і бераг... Жоўты спад і круча. Прад вач[амі] — імклівыя стрыжы. Кірэенка. // Месца, дзе пачынаецца схіл. Толькі ж вельмі пятляе Выстранка, нібы мітусіцца, у хваляванні шукаючы спаду. Брыль.

•••

На спад (ісці, пайсці, хіліцца і пад.) — змяншацца (па сіле, колькасці і пад.).

На спадзе чаго — на схіле, у канцы. Сяргей любіў гэтыя пагодныя, на спадзе лета, дні. Адамчык.