Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

славалюбі́вы, ‑ая, ‑ае.

Які вызначаецца славалюбствам, прагай да славы. [Сяргей Касцянок] не быў чалавекам славалюбівым і ніколі не імкнуўся да высокіх пасад, але прапанова Рашчэні зараз, пасля пастановы, прыйшлася яму да спадобы. Шамякін.

славалю́бны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і славалюбівы.

славалю́бства, ‑а, н.

Жаданне славы, імкненне да яе. Відаць было, што .. [гаспадар] — не без славалюбства — ганарыцца і гэтым зборышчам, .. і атмасферай дасціпнасці, лёгкай ігры мазгавых звілін, спрэчак і ўсяго іншага. Караткевіч. Маладому машыністу варожа пачуццё славалюбства. Арабей.

слава́цкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да Славакіі, славакаў, які належыць, уласцівы ім. Славацкая мова. Славацкі народ.

слава́чка,

гл. славакі.

славе́не, ‑вен.

Уст. Адно з старажытнарускіх плямёнаў, якое жыло па берагах возера Ільмень у р-не Ноўгарада.

славе́нец,

гл. славенцы.

славе́нка,

гл. славенцы.

славе́нскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да Славеніі, славенцаў, які належыць, уласцівы ім. Славенская культура. Славенскі народ. Славенская мова.

славе́нцы, ‑аў; адз. славенец, ‑нца, м.; славенка, ‑і, ДМ ‑нцы; мн. славенкі, ‑нак; ж.

Паўднёваславянскі народ, які насяляе Славенію — частку Югаславіі.