Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пі́льня, ‑і, ж.

Спецыяльнае памяшканне для механічнай распілоўкі лесу. Дзесьці тут, у балотах, на лясістым грудзе стаяла дробная пільня, саматужная і вельмі няспраўная. Чорны.

пільсць, ‑і, ж.

Поўсць, падшэрстак. Цьмяным золатам ільсніцца пільсць кунічая! Дзяргай.

пільча́к, ‑а, м.

Абл. Кароткая верхняя вопратка пераважна з грубага даматканага сукна. Тым не меней, нават і такі «лапсярдак», са спушчаным станам, усё ж такі больш стасаваўся з важнасцю моманту, чым які-небудзь .. пільчак вясковага настаўніка. Колас. Толькі праз якую гадзіну хлопец заўважыў, што Данута, прымасціўшыся ля кастра на пеньчуку, лапіла яго пільчак. Бажко.

пі́льшчык, ‑а, м.

1. Рабочы, заняты пілкай (у 2 знач.). Іграюць пілы пільшчыкаў — На дошкі йдзе бярвенне. Купала.

2. Насякомае атрада перапончатакрылых.

пілю́ля, ‑і, ж.

Лякарства, спрасаванае ў форме галачкі, шарыка. [Урач] даў пілюляў, «каб прапацець», і загадаў везці Валодзю назад. Карпюк. Урач памацаў пульс, тэмпературу змераў, Паслухаў, што рабіць патрэбна, расказаў І хвораму пілюлі прыпісаў. Корбан.

•••

Паднесці пілюлю гл. паднесці.

Праглынуць пілюлю гл. праглынуць.

[Лац. pilula.]

піля́стра, ‑ы, ж. і піля́стр, ‑а, м.

Спец. Чатырохгранная калона, якая адной гранню ўваходзіць у сцяну.

[Іт. pilasteo.]