пладніко́вы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да пладніка.
пладо́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які прыносіць прыдатныя для яды плады. Пладовыя дрэвы.
2. Прыгатаваны з пладоў; у склад якога ўваходзяць плады. Пладовы цукар. Пладовае віно.
3. У складзе якога маюцца органы размнажэння, апладненяя (пра расліны).
пладу́ха, ‑і, ДМ ‑дусе, ж.
Спец. Кароткая пладовая галінка, на якой знаходзяцца кветкавыя пупышкі.
плазава́ты, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які мае гладкую паверхню, не пукаты і не ўвагнуты; які з’яўляецца плоскасцю, роўны, гладкі.
пла́зам, прысл.
Плоскай, шырокай стараной уніз. Каля хаты .. ляжыць плазам дубовая старая брама. Бядуля. — Малады жандарскі афіцэр выцяў яго [Рыбакова] шабляй, плазам. Асіпенка.
•••
Ляжаць плазам — тое, што і ляжаць як пласт (пластом) (гл. ляжаць). — Пусціш яго [малька] ў ваду — проста плакаць хочацца, калі бачыш, што ён сотнямі ляжыць нерухомым плазам... Ракітны. Штодзень перад захадам сонца яна [ліхаманка] забірала мяне ў сваю поўную ўладу, і я ляжаў плазам да самай раніцы, і перад вачыма маімі мітусіліся то жоўтыя, то чырвоныя кругі... Сачанка.
пла́зма, ‑ы, ж.
1. Спец. Вадкая частка крыві.
2. Уст. Пратаплазма.
3. Цёмна-зялёны халцэдон.
4. Спец. Стан рэчыва, у які яно пераходзіць, пачынаючы з тэмператур у некалькі тысяч градусаў.
[Грэч. plasma — утварэнне.]
плазматы́чны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які мае адносіны да плазмы (у 1 знач.); які з’яўляецца плазмай.
пла́зменны, ‑ая, ‑ае.
Спец.
1. Які мае адносіны да плазмы (у 4 знач.). Плазменны стан.
2. Заснаваны на выкарыстанні плазмы. Плазменная металургія. Плазменная ўстаноўка.
плазмо́дый, ‑ю, м.
Спец. Прасцейшы арганізм, які паразітуе ў крыві і з’яўляецца ўзбуджальнікам малярыі. Малярыйны плазмодый.
[Лац. plasmodium.]
пла́кальшчык, ‑а, м.
1. Уст. У старадаўнім пахавальным абрадзе — мужчына, якога наймалі плакаць па пакойніку.
2. Разм. Той, хто пастаянна плача, скардзіцца на свой лёс.