Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

кларне́т, ‑а, М ‑неце, м.

Драўляны духавы музычны інструмент, які мае форму цыліндрычнай трубкі з клапанамі і з невялікім раструбам на канцы.

[Фр. clarinette ад лац. clarus — ясны.]

кларне́тны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да кларнета. Кларнетны гук.

кларнеты́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Музыкант, які іграе на кларнеце.

клас, ‑а, м.

1. Сукупнасць прадметаў, з’яў, аб’яднаных на аснове якіх‑н. агульных прымет, якасцей; разрад, падраздзяленне. Да агульных назоўнікаў адносяцца імёны, пры дапамозе якіх абазначаюцца цэлыя класы аднародных прадметаў, з’яў, жывых істот. Граматыка. // У спецыяльнай тэрміналогіі: а) у логіцы — сукупнасць аднародных прадметаў, падобных адзін да аднаго сваімі істотнымі прыметамі, якасцямі. Клас з’яў; б) у біялогіі — адно з вялікіх падраздзяленняў у сістэматыцы раслін і жывёл. Клас паўзуноў. Клас папаратнікаў; в) у матэматыцы — сукупнасць лічбаў трох суседніх разрадаў лікаў. Першы клас складаюць першыя тры разрады: сотні, дзесяткі і адзінкі. // Разрад суднаў у залежнасці ад тыпу будовы і абсталявання. Клас мінаносцаў. Клас лінкораў. // Тып вагонаў поезда або кают парахода, абсталяваных з пэўнай ступенню выгод, праезд у якіх аплачваецца па ўстаноўленаму тарыфу. Каюта першага класа.

2. Вялікая група людзей, аб’яднаных аднолькавымі адносінамі да сродкаў вытворчасці, да размеркавання грамадскага багацця і агульнасцю інтарэсаў. Рабочы клас. Клас прыгнятальнікаў.

3. Падраздзяленне пачатковай і сярэдняй школы, якое аб’ядноўвае вучняў аднаго года навучання і аднолькавага аб’ёму ведаў. Пяты клас. Дзевяты клас. // Падраздзяленне вучняў мастацкай або іншай спецыяльнай школы, якія займаюцца пад кіраўніцтвам пэўнага выкладчыка або вывучаюць пэўны прадмет. Камерны клас. Клас скрыпкі, // Група вучняў пачатковай або сярэдняй школы, якія вучацца сумесна. Дысцыплінаваны клас. // Памяшканне ў школе, дзе праходзяць вучэбныя заняткі. У калідоры зазвінеў званок, заклікаючы выхаванцаў у класы. Шамякін.

4. толькі мн. (кла́сы, ‑аў). Дзіцячая гульня, якая заключаецца ў тым, што на зямлі рысуюць фігуру, падзеленую на клеткі, і, скачучы на адной назе, перасоўваюць ёю каменьчык, кусочак шкла і пад. з адной клеткі ў другую, а таксама фігура для гэтай гульні.

5. Мера якасці, ступень, ўзровень чаго‑н. Тэхніка высокага класа. // Кваліфікацыя, ступень падрыхтаванасці. Лётчык першага класа. // Разм. Высокі ўзровень чаго‑н. Паказаць клас гульні.

6. У дарэвалюцыйнай Расіі — адно з падраздзяленняў у табелі аб рангах, якое адпавядала пэўнаму чыну. Чыноўнік чатырнаццатага класа. // Ступень некаторых грамадзянскіх званняў. Саветнік юстыцыі першага класа.

[Ад лац. classis — разрад.]

кла́савасць, ‑і, ж.

Уласцівасць класавага. Класавасць ідэалогіі.

кла́савы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да класа, класаў (у 2 знач.). Класавая барацьба. Класавыя супярэчнасці. // Уласцівы пэўнаму класу, яго ідэалогіі; прадыктаваны інтарэсамі класа. Класавы пункт гледжання. Класавыя інтарэсы.

кла́сік, ‑а, м.

1. Выдатны, агульнапрызнаны пісьменнік, дзеяч навукі або мастацтва. Класікі марксізма-ленінізма. Янка Купала, і Якуб Колас — класікі беларускай літаратуры.

2. Прадстаўнік класіцызму (у 1 знач.) у літаратуры і мастацтве.

3. Спецыяліст у галіне класічнай філалогіі. Філолаг-класік. // У дарэвалюцыйнай Расіі — той, хто закончыў класічную гімназію.

[Лац. classicus.]

кла́сіка, ‑і, ДМ ‑сіцы, ж., зб.

Узорныя, класічныя творы літаратуры і мастацтва. Чытаць класіку. Руская оперная класіка.

класіфікава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. класіфікаваць.

класіфікава́цца, ‑куецца; незак.

1. Паддавацца класіфікацыі; размяркоўвацца па класах, разрадах і пад. Мастацкія творы лёгка класіфікуюцца па жанрах.

2. Зал. да класіфікаваць.