здаі́ць, здай, здоіш, здоіць; заг. здаі; зак.
1. чаго. Аддаіць трохі малака (у каровы, казы і пад.).
2. што. Выдаіць. Здаіць малако. □ Схадзі сам... На зямлю выдаі... Няма ж у нас больш у што даіць... Не выдаіш, то яна будзе нудзіцца і нудзіцца... Ідзі здаі... Пташнікаў.
здалёк і здалёку, прысл.
З далёкай адлегласці. Дзяўчына здалёк колькі разоў.. акідвала поглядам незнаёмага маладога хлопца, а падышоўшы бліжэй, апусціла вочы. Колас. Удзень, калі ціха, у лесе здалёку чуваць. Чорны. // З далёкай мясцовасці. — Адкуль самі будзеце, дзядуля? — запытаўся я, калі нагнаў зноў. — Здалёк. Старыцу ведаеце? Скрыган. — Мы з Чэрыкава. А вы здалёку? — тарахцела [Юля]. Васілевіч. // перан. Без непасрэднага дачынення; праз нейкі прамежак часу. Гляджу на былое здалёк. Астрэйка.
•••
Пачаць здалёк (здалёку) гл. пачаць.
здаля́, прысл.
Разм. Здалёк, здалёку. Данёсся нейкі гул здаля І трэск сасновага галля. Дзеружынскі.
зда́нкі, ‑нак; адз. няма.
Разм. Тое, што і здань. Высокія таполі з мроку зданкамі ўстаюць. Колас.
зданнё, ‑я і зда́нне, ‑я, н.
Разм. Здань, зданкі. З трубкай ля вуха ён [доктар] Здалёк выслухвае, А ў ваччу — зданнё Яскрава, як днём: На печы, На бэльцы, На кожнай рэчы Шавеляцца Прадстаўнікі хваробы. Мікробы. Крапіва. А прыгледзішся — як тое зданне: тут ёсць, а тут няма. Гартны.
зданнёвы і зда́нневы, ‑ая, ‑ае.
1. Які ўзнікае, паяўляецца, як здань. Нейкія зданнёвыя вобразы, недарэчныя людскія абліччы .. мітусіліся ўваччу. Лынькоў.
2. Нерэальны, уяўны. Лабановіч вандраваў па верханскіх ваколіцах. Яшчэ раз наведаў і тую пляцоўку, з якой можна было бачыць зданнёвы замак. Колас.
3. Няясны, невыразны. Зданнёвы сілуэт дрэва.
здань, ‑і, ж.
Вобраз нябожчыка, які ўзнікае ва ўяўленні містычна настроеных або псіхічна хворых людзей; прывід. // Створаны ва ўяўленні вобраз таго, чаго ў сапраўднасці няма. Чароўная здань расплылася, мары спалохана зніклі, асталася горкая ява праўды. Скрыган. Цвярозыя думкі перамешваліся з абрыўкамі ўспамінаў, сапраўднае, перажытае чаргавалася з нейкімі зданямі, страшэннымі пачварамі. Лынькоў.