Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дог, ‑а, м.

Парода дужых сабак з кароткай поўсцю, тупой мордай і моцнымі сківіцамі, а таксама сабака гэтай пароды.

[Ад англ. dog — сабака.]

до́гляд і (разм.) дагля́д, ‑у, М ‑дзе, м.

Дзеянне паводле дзеясл. даглядаць (у 3 знач.); нагляд, клопат. Догляд пасеваў. Догляд жывёлы. □ — Маленькі палетак можа даць большы ўраджай пры ўмелым доглядзе, чым вялікі без догляду. Пальчэўскі. Ася Арцёмава кожны дзень трывожыцца за мужа-франтавіка, за маленькую дачку, што засталася дома хворая без неабходнага догляду. Арабей.

до́гма, ‑ы, ж.

1. Палажэнне, якое прымаецца за бясспрэчную ісціну, нязменную для ўсіх часоў і гістарычных умоў.

2. звычайна мн. (до́гмы, ‑аў). Асноўныя палажэнні якога‑н. вучэння. Догмы рыжскага права.

[Грэч. dogma.]

до́гмат, ‑у, М ‑маце, м.

1. Асноўнае палажэнне ў рэлігійным веравучэнні, якое прымаецца на веру і не падлягае крытыцы.

2. Тое, што і догма (у 1 знач.).

[Ад грэч. dogmatos.]

до́ены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад даіць.

дож, ‑а, м.

Тытул правіцеля Венецыянскай і Генуэзскай рэспублік да канца 18 ст. // Асоба, якая мела гэты тытул. Палац дожаў.

[Іт. doge.]

дождж, дажджу, м.

1. Атмасферныя асадкі ў выглядзе капель вады, якія падаюць з хмар. Асенні дождж. Праліўны дождж. □ З самага рання.. ішоў дождж перагонамі. Чорны. У паветры была страшэнная духата — нібыта збіралася на дождж. Чарот. З халодным ветрам урываліся частыя каплі дажджу, адганялі сон, бадзёрылі. Лынькоў. Раніцай прайшоў спорны дождж, дрэвы абапал дарогі яшчэ не абсохлі. Ваданосаў. З вялікага грому дажджу не бывае. Прыказка.

2. перан.; які або чаго. Мноства, вялікая колькасць чаго‑н., што падае, сыплецца. Метэарытны дождж. □ З абодвух бакоў няспынна грукатала зенітная артылерыя, на зямлю сыпаўся жалезны дождж асколкаў. Дудо.

3. у знач. прысл. дажджо́м. У дождж, у дажджлівае надвор’е. Хто дажджом косіць, той пагодай сушыць. Прыказка.

4. у знач. прысл. дажджо́м. Падобна дажджу; у мностве. Іскры сыпаліся дажджом.

•••

Зорны дождж — вялікае падзенне метэораў; зарапад.

Сляпы (цыганскі) дождж — дождж, які ідзе пры сонцы.

Залаты дождж — вялікія грошы, прыбыткі.

Як грыбоў пасля дажджу гл. грыб.

до́жджык, ‑у, м.

Разм. Памянш. да дождж (у 1 знач.); дробны невялікі дождж. Густы дробны дожджык цыркае зверху, цягнецца золкай павуцінай. Бядуля.

до́за, ‑ы, ж.

Порцыя лякарства, прызначаная на адзін прыём. Сцяпан хутка ўліў у знясіленае цела дзіцяці дозу камф[о]ры. Шамякін. // Колькасць рэчыва, якое ўносіцца ў што‑н., уваходзіць у састаў якой‑н. сумесі. Палікарпаўна.. настойліва параіла звяну зменшыць дозу азоту. Кулакоўскі. // перан. Некаторая колькасць чаго‑н. Сама справа была з вялікай дозай прыгодніцтва. Чорны. Гаўляйтэр не разумее.. сэнсу гэтых слоў, прасякнутых добрай дозай іроніі і нават яўнай знявагі. Лынькоў.

[Грэч. dosis.]

до́йка, ‑і, ДМ дойцы, ж.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. даіць.