дождж, дажджу, м.

1. Атмасферныя асадкі ў выглядзе капель вады, якія падаюць з хмар. Асенні дождж. Праліўны дождж. □ З самага рання.. ішоў дождж перагонамі. Чорны. У паветры была страшэнная духата — нібыта збіралася на дождж. Чарот. З халодным ветрам урываліся частыя каплі дажджу, адганялі сон, бадзёрылі. Лынькоў. Раніцай прайшоў спорны дождж, дрэвы абапал дарогі яшчэ не абсохлі. Ваданосаў. З вялікага грому дажджу не бывае. Прыказка.

2. перан.; які або чаго. Мноства, вялікая колькасць чаго‑н., што падае, сыплецца. Метэарытны дождж. □ З абодвух бакоў няспынна грукатала зенітная артылерыя, на зямлю сыпаўся жалезны дождж асколкаў. Дудо.

3. у знач. прысл. дажджо́м. У дождж, у дажджлівае надвор’е. Хто дажджом косіць, той пагодай сушыць. Прыказка.

4. у знач. прысл. дажджо́м. Падобна дажджу; у мностве. Іскры сыпаліся дажджом.

•••

Зорны дождж — вялікае падзенне метэораў; зарапад.

Сляпы (цыганскі) дождж — дождж, які ідзе пры сонцы.

Залаты дождж — вялікія грошы, прыбыткі.

Як грыбоў пасля дажджу гл. грыб.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)