Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

чацвёрты, ‑ая, ‑ае.

1. Ліч. парадк. да чатыры. Чацвёрты год. □ Зрабілася цёмна-цёмна, хоць ішла толькі чацвёртая гадзіна дня. Мяжэвіч.

2. у знач. наз. чацвёртая, ‑ай, ж. Чацвёртая частка, чвэрць. Адна чацвёртая.

чацвярны́, ‑ая, ‑ое.

1. Які складаецца з чатырох аднародных або падобных частак, прадметаў. Чацвярная партыя ў віст. □ Сашка падскочыў бліжэй да акна і — у два пальцы — свіснуў разбойніцкім, чацвярным свістам. Караткевіч.

2. У чатыры разы большы (пра памер, колькасць). Чацвярны кошт металу.

чацвярня́, ‑і, ж.

Разм. Чацвёра дзяцей, якія нарадзіліся адначасова ад адной маці; чацвёра блізнят.

чацвярта́к, ‑вертака, м.

1. Уст. Сярэбраная манета вартасцю ў чвэрць рубля; дваццаць пяць капеек.

2. Надзел, кавалак зямлі, роўны прыблізна 1,5 дзесяціны. Ды і што было рабіць дома на жвірыстым чацвертаку? Якімовіч.

чацвяртны́, ‑ая, ‑ое.

Тое, што і чвэрцевы.

чацвярту́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

1. Уст. Мера вагі ў чвэрць фунта. Ад асноў лічэбнікаў утвораны толькі два назоўнікі са значэннем колькасці або меры чаго‑н.: чацвяртушка (размоўн.), васьмушка (размоўн.). Граматыка.

2. Лісток паперы ў чвэрць ліста. Чацвяртушка паперы. □ У пакой зайшоў Буднік. Распранаючыся, ён дастаў з кішэні складзеную чацвяртушкай газету. Галавач.

3. Разм. Тое, што і чацвярцінка (у 2 знач.). [Перагуд:] Падай мне гэту слязу (Дубавец падае чацвяртушку з гарэлкай). Крапіва.

чацвярці́на, ‑ы, ж.

Разм.

1. Адна чацвёртая частка бервяна, распілаванага ўдоўж па двух узаемна-перпендыкулярных дыяметрах.

2. Старажытная пасудзіна ёмістасцю ў адну чацвёртую частку вядра.

3. Адна чацвёртая частка чаго‑н. Чацвярціна яблыка. Чацвярціна тушы.

4. Тое, што і чацвяртак (у 2 знач.). [Зубковіч:] — А многа гэтай самай зямлі дома? [Мікіта:] — Так, трохі... На адзінаццаць душ чацвярціна. Галавач.

чацвярці́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Памянш. да чацвярціна.

2. Разм. Бутэлька ёмістасцю ў адну чацвёртую частку літра. [Мацей:] — Садзіся ж і ты. Не вячэрала, мусіць, яшчэ?.. У мяне ў чамадане ёсць чацвярцінка маскоўскай. Пальчэўскі.

чацвярці́чны, ‑ая, ‑ае.

Звязаны з геалагічным перыядам ці сістэмай, якая складае другую частку кайназойскай эры. [Чарнавус:] Сляды яго [чалавека] мы знаходзім толькі ў пачатку чацвярцічнага перыяду. Крапіва.

чацвяры́к, ‑верыка, м.

1. Старая мера аб’ёму сыпкіх цел; адна восьмая частка чвэрці. Чацвярык ячменю.

2. Чатыры кані ў адной запрэжцы. Самае меншае — чацвярык стаеннікаў запрагалі ў ягоную [панскую] карэту. Дубоўка. Едзе дарогаю пан на чацверыку. Якімовіч.