пляба́нскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да плябана, плябаніі. Плябанская зямля.
пляба́нства, ‑а, н.
Пасада плябана. // Парафія, якой кіруе плябан.
плява́, ‑ы, ж.
Вельмі тонкая скурка, тканка ў жывёльным або раслінным арганізме.
плява́льніца, ‑ы, ж.
Пасудзіна, у якую сплёўваюць сліну, макроту. Смачны прайшоўся па кабінеце ў кут ля дзвярэй, дзе стаіць плявальніца, намерыўся і плюнуў у самую сярэдзіну яе, потым выцер хустачкай губы і зноў сеў за стол. Галавач.
плява́цца, плююся, плюешся, плюецца; плюёмся, плюяцеся; незак.
1. Выкідваць, выдаляць з рота сліну, макроту і пад. Усё радзей і радзей выходзіў за вёску ў сасняк Захар’я, усё часцей і часцей кашляў і пляваўся крывёю. Пянкрат. // Пырскаць слінай у час размовы.
2. Пляваць адзін на аднаго.
3. перан. Выказваць нездавальненне чым‑н., абурэнне. Як ні пляваўся, ні лаяўся [дзед], а давялося на гэты раз схадзіць ужо ў сельсавет. Якімовіч.
плява́ць, плюю, плюеш, плюе; плюём, плюяце; незак.
1. Выкідваць, выдаляць з рота сліну, макроту і пад. Дубовік ведаў, што Доўнар ненавідзіць яго, таму і ішоў ззаду, каб не пападацца яму на вочы, а той штохвілінна азіраўся, зняважліва пляваў на снег і мармытаў нешта ўпаўголаса. Чарнышэвіч. [Стары] курыў і пляваў сабе пад ногі. Чорны.
2. перан.; на каго-што. Разм. Адносіцца да каго‑, чаго‑н. з пагардай, зусім не лічыцца з кім, чым‑н. Наогул, як гэта можна пляваць на тое, што зрабіў рабочы чалавек! Шахавец. // інф. пляваць у знач. безас. Усё адно, усё роўна. — У-у, зараза! — прасіпеў Ягор услед Піню. — Што чалавек загінуў, яму пляваць. Каня шкадуе. Корбан.
•••
Пляваць у вочы — зневажаць каго‑н.
Пляваць у столь — нічога не рабіць.
пляво́к, пляўка, м.
Выкінуты, выдалены з рота згустак сліны, макроты і пад. І да крывавых пляўкоў.. [Галіна Адамаўна] не магла прывыкнуць за ўсе пятнаццаць год сваёй работы. Шамякін.
пляву́зганне, ‑я, н.
Разм. Бязглуздая, пустая, нудная размова. [Перапечка:] — Мяне дзівіць, Рыгор Захаравіч, як вы можаце спакойна слухаць контррэвалюцыйнае плявузганне гэтай брыдоты?! Паслядовіч.
пляву́згаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Гаварыць абы-што, пустое, без толку. Можа, цэлую гадзіну.. [Гардзей] знарок, не зважаючы на непрыхільнасць Ігната, плявузгаў пра розныя дробязі. Мележ.
плявузго́та, ‑ы, ДМ ‑гоце, ж.
Разм. Тое, што і плявузганне. Плявузгота [Бабініча] ўжо не рабіла вялікага ўражання: да яе прыслухаліся і прыцярпеліся. Колас.