Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

чаўнако́вы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і чаўночны.

чаўно́к, ‑нака, м.

1. Дэталь у ткацкім станку, якая мае форму чоўна, з пражай для пракладвання ўточнай ніці. За кроснамі сядзіць Наста. Лоўка бегае чаўнок, моцна так набіліцы стукаюць, снуецца тонкая пража-кужаль, прыбівае ніткі бёрда к палатку. Каваль.

2. Дэталь у швейнай машыне з двухніткавым швом, якая падае ніжнюю нітку.

чаўно́чнік, ‑а, м.

Рабочы ткацкай вытворчасці, які прыводзіць у рух чаўнок ці сочыць за чаўнаком.

чаўно́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да чаўнака. Чаўночны цыліндр. Чаўночная шпулька. // Забяспечаны, абсталяваны чаўнаком, чаўнакамі. Чаўночнае прыстасаванне. // Які вырабляе чаўнакі. Чаўночны цэх. Чаўночная брыгада. // Які мае форму чаўнака. Чаўночная кветка. // Які вырабляецца, робіцца пры дапамозе чаўнака. Чаўночнае шво.

•••

Чаўночная дыпламатыя — мнагакратныя паездкі дыпламатычнай асобы з мэтай пачарговых сустрэч з прадстаўнікамі бакоў, якія вядуць перагаворы.

Чаўночны маршрут — пра рэгулярны рух транспарту паміж двума пунктамі на кароткай дыстанцыі.

чаўпці́, ‑пу, ‑пеш, ‑пе; ‑пём, ‑пяце; незак., што.

Зневаж.

1. Гаварыць недарэчнасці, глупства, бязглуздзіцу. Спыніўся. Прывітаўся і пачаў.. [сустрэчным] чаўпці розную лухту: злез на паўстанку, але ноччу збіўся з дарогі. Машара. [Паўліна:] — А тым часам і бацька твой мо шчэ жывы, дадому вернецца, матку новую возьме... Хаця, што гэта я абы-што чаўпу... Сачанка.

2. Настойліва даводзіць каму‑н. што‑н., паўтараць увесь час адно і тое ж. А Сцёпа ўпрэцца, як бык, і чаўпе сваё: — Выдумкі ўсё. Курто. Прыйдуць канікулы — якая ні работа, а ў .. [сына] заўсёды кніжка за пазухай. І ўсё чаўпе пра адно: пайду ў хімію. Ракітны. / Пра птушак. Іншыя птушкі змоўкнуць, стаміўшыся за доўгі веснавы дзень, а ён [голуб], не зважаючы ні на што, сваё чаўпе. Ігнаценка.

чаўпці́ся, ‑пецца; незак.

Разм.

1. Не выходзіць з галавы, пастаянна напамінаць пра сябе. Нейкая мелодыя чаўплася ў галаве і вярцелася на языку. Сабаленка. Вяртаўся дамоў, а надакучлівая думка зноў чаўпецца ў галаве: працуюць.. [Алена і Генка] ці ўжо скончылі? Б. Стральцоў.

2. Рабіцца, адбывацца (пра што‑н. тлумнае, бязладнае). А з дзвярэй вакзала валіў натоўп барадатых і безбародых мужчын, каб паглядзець, што там чаўпецца. Грахоўскі.

чаўрэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; незак.

Разм. Чэзнуць; марнець, гібець.

чах, выкл.

1. Выкарыстоўваецца гукапераймальны для абазначэння моцнага адрывістага гуку, які чуецца пры рытмічнай працы, дзеянні і інш. Чах, чах — грызе і грызе жвір і каменне рыдлёўка... Пташнікаў.

2. у знач. вык. Разм. Ужываецца паводле знач. дзеясл. чахаць — чахнуць ​2. З пісталета ў сасонку — чах! — стрэліў [немец]. Масарэнка.

чахарда́, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Гульня, у якой ігракі па чарзе скачуць цераз сваіх партнёраў, што стаяць сагнуўшыся ці на карачках. Маладыя жарабяткі не змаглі ўгнацца за дарослымі коньмі, таму спыніліся на раўнейшым месцы і давай гуляць у чахарду — пераскокваць адзін цераз другога. Рылько.

2. перан. Разм. Блытаніна, якая ўзнікае з-за пастаянных змен, перамяшчэнняў. І вось ідзе франтальная праверка: За тры гады ператрасаюцца паперкі! І часу не стае людзям для працы З-за гэткай чахарды. Валасевіч. Мора ўжо даўно не было, пачалася чахарда цеплыні і холаду. М. Ткачоў.

чахахбі́лі, нескл., н.

Каўказская страва з курыцы.

[Груз.]