Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

узні́заны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад узнізаць.

узніза́ць, ‑ніжу, ‑ніжаш, ‑ніжа; зак., каго-што.

Разм. Нанізаць на нітку, пруток і пад. Узнізаць пацеркі на нітку. □ Конан падцягнуў лодку, прымкнуў яе да калка, узнізаў рыбу па лазіну. Лобан.

узні́званне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. узнізваць — узнізаць.

узні́звацца, ‑аецца; незак.

Зал. да узнізваць.

узні́зваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да узнізаць.

узніка́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да узнікнуць.

узнікне́нне, ‑я, н.

Зараджэнне, пачатак, з’яўленне чаго‑н. Узнікненне і пачатак жыцця. Узнікненне марксізма. □ Выявілася, што час узнікнення Мазыра нікому дакладна не вядомы. І ніхто не ведае, што значыць самае слова — «Мазыр», які хаваецца ў ім сэнс. В. Вольскі.

узні́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. узнік, ‑ла; зак.

Пачацца, зарадзіцца; быць створаным. На сухім грудку цяжка ўзнікнуць жыццю, бо вельмі часта любяць тут прыпыняцца падарожныя. Навуменка. Узбярэжжа акіяна, на якім узнік горад, — гэта магутная велізарная скала. Новікаў. Франты адгрымелі, прайшла небяспека, І ў вёсцы Зацішак узнікла ячэйка. Хведаровіч. Мастацкая проза ў беларускай літаратуры ўзнікла яшчэ ў мінулым стагоддзі. Пшыркоў. // З’явіцца, паказацца. З боку шашы, на дарозе, узніклі дзве невыразныя постаці. Быкаў. [Студэнт:] — Раптам, на нечаканым павароце сцежкі, мы адразу спыніліся на месцы, нібы зачараваныя дзіўным відовішчам, якое ўзнікла перад намі. В. Вольскі. / Пра пачуцці і пад. І мацней за адчуванне болю, мацней за крыўду ўзнікла [у жанчыны] ўпартасць — адрэзаць дарогу яму [мужчыну] да пабегу. Мікуліч. // З’явіцца, вынікнуць, выявіцца (пра рашэнне, пытанне і пад.). План дзеяння ўзнік нечакана. Шамякін. [У Дзіміна] ўзнікла неадольная патрэба перадаць свае думкі другім, пагаварыць з кім-небудзь. Карпаў. / Пра ўяўленні, успаміны. Танкіст сумеўся, і ў хвілінку Прад ім узнік той час-пара, І ён сказаў: — Мо ты — сястра? Я помню добрую Марынку. Колас. // Пачацца; здарыцца, адбыцца. На сцэне пагасла святло і ўзнік пажар. Скрыпка. Сам сабою ўзнік лятучы мітынг. Харкевіч.

узніма́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. узнімаць — узняць.

узніма́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да узняцца.

2. Зал. да узнімаць.