узнікнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. узнік, ‑ла; зак.

Пачацца, зарадзіцца; быць створаным. На сухім грудку цяжка ўзнікнуць жыццю, бо вельмі часта любяць тут прыпыняцца падарожныя. Навуменка. Узбярэжжа акіяна, на якім узнік горад, — гэта магутная велізарная скала. Новікаў. Франты адгрымелі, прайшла небяспека, І ў вёсцы Зацішак узнікла ячэйка. Хведаровіч. Мастацкая проза ў беларускай літаратуры ўзнікла яшчэ ў мінулым стагоддзі. Пшыркоў. // З’явіцца, паказацца. З боку шашы, на дарозе, узніклі дзве невыразныя постаці. Быкаў. [Студэнт:] — Раптам, на нечаканым павароце сцежкі, мы адразу спыніліся на месцы, нібы зачараваныя дзіўным відовішчам, якое ўзнікла перад намі. В. Вольскі. / Пра пачуцці і пад. І мацней за адчуванне болю, мацней за крыўду ўзнікла [у жанчыны] ўпартасць — адрэзаць дарогу яму [мужчыну] да пабегу. Мікуліч. // З’явіцца, вынікнуць, выявіцца (пра рашэнне, пытанне і пад.). План дзеяння ўзнік нечакана. Шамякін. [У Дзіміна] ўзнікла неадольная патрэба перадаць свае думкі другім, пагаварыць з кім-небудзь. Карпаў. / Пра ўяўленні, успаміны. Танкіст сумеўся, і ў хвілінку Прад ім узнік той час-пара, І ён сказаў: — Мо ты — сястра? Я помню добрую Марынку. Колас. // Пачацца; здарыцца, адбыцца. На сцэне пагасла святло і ўзнік пажар. Скрыпка. Сам сабою ўзнік лятучы мітынг. Харкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)