Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

спецво́пратка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Спецыяльная вопратка, прызначаная для працы ў розных умовах. І будаваць трэба круглы год і ў любое надвор’е. Тэрмінова складалася спісы на выдачу цёплай спецвопраткі. Грахоўскі.

спецга́с, ‑а, м.

Гаспадарка, якая спецыялізуецца на вытворчасці якога‑н. віду сельскагаспадарчай прадукцыі; спецыялізаваная гаспадарка. [Лундзін:] — Чулі, Ляхаў пра спецгас гаварыў. Дык кірунак наш, — мясамалочны, а шлях — механізацыя, самая шырокая. Палтаран.

спецгру́па, ‑ы, ж.

Група спецыяльнага прызначэння. У брыгаду ўвайшло чатыры атрады і спецгрупа. Шамякін. Адной з адказных прац — разведкай на карысць спецгрупы генеральнага штаба — займалася .. [Маруся]. Брыль.

спецко́р, ‑а, м.

Спецыяльны карэспандэнт.

спецку́рс, ‑а, м.

Курс лекцый у ВНУ, прызначаны для больш глыбокага вывучэння якой‑н. прыватнай тэмы па праграме, прапанаванай лектарам. Падобны спецкурс я пачынаў чытаць ва універсітэце ўпершыню. Пшыркоў.

спецста́ўка, ‑і, ДМ ‑стаўцы; Р мн. ‑ставак; ж.

Спецыяльная, асобая павышаная стаўка заработнай платы, якая назначаецца пэўным катэгорыям спецыялістаў.

спе́цца, спяюся, спяешся, спяецца; спяёмся, спеяцеся; зак.

1. Дасягнуць зладжанасці ў сумесным спеве, навучыцца зладжана спяваць разам. Пяюць з ахвотай, самааддана, хоць галасы нязладжаныя — не паспелі спецца. Навуменка.

2. перан. Разм. Дасягнуць узгодненасці ў дзеяннях, учынках, адзінства ў поглядах. Ну і спеліся яны... Мяжэннага нельга ўявіць без Рэпікава, як Рэпікава без Мяжэннага. Гроднеў.

спецшко́ла, ‑ы, ж.

Спецыяльная школа для падрыхтоўкі курсантаў ваенных вучылішчаў. // Школа спецыяльнага прызначэння наогул.

спе́цыі, ‑ый; адз. спецыя, ‑і, ж.

Вострыя пахучыя прыправы (гарчыца, перац, ваніль, карыце, лаўровы ліст, шафран), якія кладуцца ў ежу для лепшага яе смаку. З катла падымалася гарачая пара, духмяная і смачная — мабыць, у шмал[е]ц немцы клалі нейкія спецыі. Асіпенка.

[Лац. species.]

спецы́фіка, ‑і, ДМ ‑фіцы, ж.

Адметныя асаблівасці прадмета ці з’явы; тое, што характэрна для чаго‑н. Спецыфіка мастацтва. □ Тэхніка лоўлі кожнай з гэтых [драпежных] рыб мае сваю спецыфіку, свае правілы. Матрунёнак. Асаблівасці займеннікаў як часціны мовы абумоўліваюць і спецыфіку іх сінтаксічнага ўжывання. Граматыка.