Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

частако́лавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да частаколу; утвораны частаколам. Двор прасторны. Хата, павець, клець, паграбок і вялікі частаколавы закут для птушкі. Лупсякоў.

частако́ліна, ‑ы, ж.

Адзін кол частаколу. [Міхалка] далей не пайшоў — астаўся стаяць, высунуўшы твар паміж дзвюх рассунутых частаколін. Чорны. На вясковай вуліцы была гэтакая ціш, што каб у гэтым канцы пераламаў частаколіну, дык, пэўна, у тым пачулі б трэск. Калюга.

частата́, ‑ы, ДМ ‑таце, ж.

1. Уласцівасць частага.

2. Спец. Колькасць рухаў, ваганняў, паўтарэнняў у якую‑н. адзінку часу; велічыня, што выражае колькасць рухаў, ваганняў, паўтарэнняў за адзінку часу. Частата пульсу. □ Аляксей глядзіць на паказанні прыбораў: напружанне, сіла і частата току нармальныя. Жычка.

частатаме́р, ‑а, м.

Прыбор для вымярэння частаты перыядычных ваганняў.

ча́стачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Памянш. да частка (у 1 знач.). Мы нарадзіліся ў той час, Як свет стары ў агні капаў. І ў гэтай буры кожны з нас Юнацтва частачку аддаў. Хведаровіч.

ча́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Пэўная доля чаго‑н. цэлага. Пятрок разрэзаў пасак на дзве часткі: сабе ўзяў большую. □ Віцю даў меншую. Паўлаў. Уначы людзі былі разбуджаны нейкім асабліва моцным, але глухім грукатам. Нават зямля затрэслася і абвалілася частка берага. Маўр. // Участак якой‑н. плошчы. Сядзіба з будынкамі МТС знаходзілася на ўскраіне раённага цэнтра, у той яго частцы, куды ўшчыльную падступаў густы малады бор. Якімовіч. Гутарка ішла пра панскі луг, частку якога Вільчыцкі штогод прадаваў «на скос». Брыль. // Пэўная колькасць каго‑, чаго‑н., вылучаная з агульнага складу ці колькасці. Значная частка партызан разышлася па дарогах дзеля таго, каб у атрадзе было вядома ўсё, што робіцца на тэрыторыі раёна. Чорны. Ліст пажоўк на бярозах. Частка яго ляжала на зямлі. Ермаловіч. // Доля, якая каму‑н. належыць; пай. [Уладзік:] — А кабылу я ўсё-такі вазьму. Няхай будзе гэта з тае часткі, якая мне з гаспадаркі належыць. Крапіва.

2. Састаўны кампанент, элемент цэлага. Праблема героя рамана з’яўляецца часткай агульнай праблемы станоўчага героя савецкай літаратуры. Дзюбайла. // Прадмет, які ўваходзіць у сістэму якога‑н. адзінства; састаўны элемент якога‑н. арганізма, машыны і пад. Часткі прыёмніка. Запасныя часткі. Часткі цела. □ Сама ж кантора з’яўлялася часткай мураванага свірна з прасторным ацэментаваным падвалам. Колас. Пярэдняя частка.. моцнага тулава [зубра] цяжкая і масіўная, здаецца непамерна развітой у параўнанні з задняй, пакрытай карацейшымі і святлейшымі валасамі. В. Вольскі. // Раздзел, галіна і пад., якая характарызуе каго‑, што‑н. у якіх‑н. адносінах, з якога‑н. боку. У сваёй літаратурнай частцы.. [газета] па сутнасці прапагандавала эстэтычныя ідэі класічнай рускай літаратуры, мастацкія прынцыпы крытычнага рэалізму і народнасці. Ларчанка. Нарэшце, афіцыйная частка закончылася, і Меліяранскі пачаў знаёміць вучняў з выкладчыкамі. С. Александровіч.

3. Раздзел літаратурнага, музычнага твора. У 1954 г. Я. Колас надрукаваў апошнюю частку свайго рамана «На ростанях». Шкраба.

4. Аддзел якой‑н. установы, асобная галіна кіравання. Навучальная частка. □ Цётка Палашка ў штабной зямлянцы вяла рашучую атаку на Лявона Маркавіча, пад загадам якога знаходзілася гаспадарчая частка лагера. Лынькоў.

•••

Казённая частка — частка агнястрэльнай зброі, з якой яна зараджаецца.

Частка свету — адна з краін свету (Еўропа, Азія, Афрыка, Амерыка, Аўстралія, Антарктыда).

Ірвацца на часткі — імкнуцца выконваць адразу мноства розных спраў, даручэнняў, абавязкаў. Магдалена проста як не рвалася на часткі. Чорны.

Ірваць на часткі гл. ірваць ​1.

ча́сткавы, ‑ая, ‑ае.

Які складаецца з долей, долек.

частко́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць частковага.

частко́вы, ‑ая, ‑ае.

Няпоўны, які датычыцца толькі часткі чаго‑н., распаўсюджаны толькі на частку каго‑, чаго‑н. Частковы рамонт. Частковае вызваленне ад падатку. □ На жаль, намеры [Багдановіча напісаць падручны] канчаткова здзейснены не былі. Але нават частковае іх здзяйсненне робіць гонар паэту. Лойка. Частковае падабенства.. прозвішчаў прыводзіла часам да вясёлых непаразуменняў. Лынькоў.

часто́тнасць, ‑і, ж.

Спец. Паказчык частаты чаго‑н. (у 2 знач.). // Пашыранасць, ужывальнасць у мове. Вызначыць частотнасць ужывання асобных слоў.