ча́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; незак., што.
Прыцягваць або прымацоўваць прычальным канатам, чалам.
чалма́, ‑ы, ж.
Мужчынскі галаўны ўбор у мусульман — доўгі кавалак тканіны, абкручаны некалькі разоў вакол галавы. У сваім нацыянальным адзенні, у беласнежнай чалме, упрыгожанай дарагімі самацветамі, .. [індыйскі дэлегат] вылучаўся сярод масы гасцей у аднолькавых вячэрніх касцюмах. Лынькоў.
чало́, ‑а; мн. чолы, ‑аў; н.
1. Уст. і паэт. Лоб. Потым.. [Майка] ўзняла гатовую дыядэму і павязала яе вакол галавы. У змроку над яе чалом успыхнуў німб з зеленаватых халодных зорак. Караткевіч. Ім [рыбакам] навальніца, што ў моры спаткала, хваль ручнікамі чало ўцірала. Вялюгін. // Пра твар. І раптам — што за штука? — У дзеда спахмурнела ўраз чало. Корбан. Абвёў рукой наўкола луг шырозны. І мне чало касца, дзе лёг загар, Здавалася як вылітае з бронзы. Ляпёшкін.
•••
Біць чалом гл. біць.
На чале з кім-чым, каго-чаго — пад кіраўніцтвам каго‑, чаго‑н.
Стаць на чале ўлады гл. стаць.
чальча́к, ‑у, м.
Адна- або шматгадовая травяністая меданосная і лекавая расліна сямейства чальчаковых.
чальчако́выя, ‑ых.
Сямейства травяністых раслін, да якога адносяцца чальчак, плакун і пад.
чалядзі́н, ‑а, м.
Гіст.
1. Дваровы чалавек, слуга ў панскім доме. І ўсе дваровыя людзі або чалядзіны і чалядзінкі, як называлі іх паны, і людзі навакольных вёсак і сёлаў разам з Язэпкавымі бацькамі належалі пану, рабілі на пана, дзень і ноч мусілі помніць пра свайго пана. Якімовіч.
2. Той, хто належыць да чэлядзі (у 1 знач.).
чалядзі́нец, ‑нца, м.
Тое, што і чалядзін (у 1 знач.). Самае галоўнае — каб трапіць у палац у часе адпачынку, калі сама княгіня адпачывала на канапе і нікому з чалядзінцаў недазволена было хадзіць праз пакоі. Дубоўка.
чалядзі́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Жан. да чалядзін.
чаля́днік, ‑а, м.
Уст. Рамеснік у цэхавага майстра ў феадальных гарадах Беларусі, Літвы, Польшчы. Раней у рамястве наёмным работнікам (але толькі ў цэхавым сэнсе гэтага слова) быў адзін чаляднік. Алексютовіч.
чаля́дня, ‑і, ж.
Гіст. Жыллёвае памяшканне для чэлядзі (у 2 знач.). Дзядзька Рыгор, як чалавек сямейны, жыў у асобнай прыбудоўцы пры чалядні. Якімовіч.