Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

цалко́м, прысл.

Цэлым кавалкам, не жуючы. Кускі смачныя цалком Пан глытае век-вяком. Крапіва.

цало́к, ‑лка, м.

Разм. Чалавек, які метка страляе. Сцяпан агледзеў ваўка з аднаго боку, перавярнуў на другі, адшукаў, куды трапілі шраціны, і пахваліў сына: — Цалок ты ў мяне добры. Увесь набой засадзіў у галаву. Пальчэўскі.

цалю́сенькі, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і цалюткі. [Маці:] — Ай ды Сёмка! Цалюсенькі дзянёк, гэткі доўгі дзень і не паказацца ў хату. Гартны.

цалю́ткі, ‑ая, ‑ае.

Разм. Увесь, ад пачатку да канца. Цалюткі дзень снуюць тут людзі — старыя і малыя, хто за Нёман, хто з-за Нёмана. Колас. // Цэлы, некрануты. Асобна на важкай патэльні прынеслі цалюткага парася. Шамякін.

ца́ля, ‑і, ж.

Мера даўжыні, роўная 2,54 см. Чужое зямлі мы не хочам — сваёй не саступім ні цалі. Дудар. Праз усё сваё жыццё меў.. [Мікалай] справу з вяршкамі, цалямі, сажнямі... Якімовіч.

цаля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак.

1. у каго-што, па кім-чым. Накіроўваць стрэл, удар у пэўную цэль. Паліцай цаляў у Андрыяна, але папаў у яго таварыша. Марціновіч. Спачатку немцы спрабавалі агрызацца, цалялі па самалётах з зенітак. Сачанка. // у што. Імкнуцца папасці (рукой, нагой і пад.) куды‑н., у што‑н. Усе яшчэ спалі, толькі Вара, пазяхаючы, цаляла рукой у рукаў ватоўкі і ніяк не магла патрапіць. Сабаленка. Не адставай, сынок, не адставай, — раз-пораз падахвочваў тата мяне. — Ты ў мае сляды цаляй — лягчэй будзе ісці. Пальчэўскі. // перан.; у каго-што. Разм. Мець каго‑н. на ўвазе. Каб не было памылкі, у каго ён цаляе, Чорны зрабіў сугучнымі прозвішчы прататыпа і героя. Лужанін. // да каго-чаго, на каго-што. Разм. Ісці, кіравацца ў пэўным напрамку. Адзін цаляў да Валодзі, другі накіраваўся да Івана. Новікаў.

2. Пападаць, трапляць. Кулі сыпаліся градам, а .. [Андрэй] не адчуваў, не заўважаў, куды яны цалялі. Кулакоўскі.

3. перан. Разм. Імкнуцца заняць якое‑н. становішча, месца. Гаспадар крыху замяшаўся, бо і ён таксама меў ласае вока на дачку пана каморніка, адразу сцяміўшы, куды цаляе яго сусед. Колас. — Эге, весела сёння ў народнай! — гукнуў ад парога Мальчэўскі. — Хто тут сёння ў завадатары цаляе? Васілёнак. // з інф. Імкнуцца зрабіць што‑н. пэўным чынам, у пэўны час або ў пэўным месцы. [Валодзя], відаць, цаляў выходзіць з дому і прыходзіць так, каб не трапляцца мне на вочы. Сабаленка. Як толькі малыя з заняткаў, дык.. [жанчыны] ў школу. І ўсё цаляюць заходзіць па адной. Кавалёў.

•••

Зуб на зуб не цаляе — тое, што і зуб на зуб не пападае (гл. зуб).

цана́, ы́; мн. цэ́ны, цэн; ж.

1. Грашовае вырашэнне вартасці тавару. Базарная цана. Дзяржаўная цана. Нарыхтоўчая цана. Закупачная цана. □ Каржакевіч спусціў цану на чатыры пуды. Крапіва. Конь старэе — у цане танее, вол старэе — цану набірае. Прыказка. // Грашовая плата за якую‑н. работу, паслугу. У невялікай вёсцы лясной Пастух цану загінае вясной. Кусянкоў.

2. цано́й чаго. Ужываецца ў значэнні: страціўшы што‑н., ахвяраваўшы чым‑н., перажыўжы што‑н. Клінцэвіч вырашыў: нават цаной уласнага жыцця адпомсціць гаду. Машара.

•••

Адпускная цана — цана, якая ўстанаўліваецца пры продажы прадукцыі.

Стратная цана — цана ніжэй сабекошту.

Цана вытворчасці — у капіталістычным грамадстве — ператвораная форма вартасці тавару, роўная суме выдаткаў і сярэдняму прыбытку.

Ведаць цану гл. ведаць.

Грош цана (у базарны дзень) каму-чаму — не мае ніякай каштоўнасці, нічога не варты, ні на што не прыгодны.

Дарагой цаной — затраціўшы вялікія сілы, намаганні, панёсшы вялікія ахвяры (дасягнуць чаго‑н., зрабіць што‑н.).

Загнуць (заламаць, загарадзіць) цану гл. загнуць.

Любой (якою б ні было) цаной — любымі сродкамі, шляхамі, не шкадуючы нічога (дасягнуць чаго‑н., зрабіць што‑н.). Туды, на той бок пералезці, Пра ўсё даведацца на месцы, Якою б ні было цаной! Колас.

Набіць (нагнаць) сабе цану гл. набіць.

Нагнаць (набіць) цану гл. нагнаць.

Не стаяць за цану гл. стаяць.

Траціць цану гл. траціць.

У цане — дорага каштуе; высока цэніцца.

Цаны няма каму-чаму гл. няма.

цанава́цца, ‑нуюся, ‑нуешся, ‑нуецца; незак.

Абл. Таргавацца; настойваць на пэўнай цане. І нібы прываражыў, прыўрочыў — пасля яго [мужчыны] ніхто не падыходзіў, не цанаваўся з Дзімкам за сена. Капыловіч. [Стафанковіч] ледзьве выгаварыў: — То ратуйце хлопца, лячыце яго! За вашу фатыгу я цанавацца не буду! Чорны.

цані́цца, цанюся, цэнішся, цэніцца; незак.

1. Мець пэўную цану; валодаць каштоўнасцю. Цвёрдыя сарты пшаніцы вельмі цэняцца на сусветным рынку. □ [Алег:] — Тут, у гэтых бязлесных мясцінах, паша сасна здорава цэніцца. Радкевіч.

2. Лічыцца значным, важным, каштоўным. Сёння больш пачынае цаніцца ў літаратуры такая якасць, як настраёвасць, філасофская глыбіня, добрая апавядальнасць. Гіст. бел. сав. літ.

3. Зал. да цаніць.

цані́ць, цаню, цэніш, цаніць; незак., каго-што.

1. Вызначаць грашовы кошт тавару, назначаць цану. Колькі вы цэніце гэты дыван?

2. Даваць ацэнку; ацэньваць. — Цаніць ты маеш права І недруга і друга Па іх сапраўдных справах, Па іх жывых заслугах. Глебка. — Камуніста мы цэнім па рабоце. Алешка. // Лічыць значным, важным, каштоўным; прызнаваць высокія якасці каго‑, чаго‑н. Практыка даўно навучыла .. [Апейку] цаніць канкрэтнасць, дзелавую дакладнасць у кожнай гаворцы. Мележ. Байцы трошкі крыўдавалі за яго залішнюю строгасць, але ў баях цанілі крыклівага старшыну. Быкаў. // Даражыць чым‑н., шанаваць што‑н. Цаніць час. □ Марынка, як многія прыгожыя дзяўчаты, не пазбаўленыя хлапечай увагі, не надта цаніла чужое пачуццё. Шыцік. Праўду кажуць людзі, што волю цэніш тады, калі страціш яе. Машара. Тамара Аляксандраўна Кажура .. усё бачыла, усё ведала, высока цаніла кожную капейку, запрацаваную мазалём. Грахоўскі.