Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

цаге́льнік, ‑а, м.

Рабочы, які працуе на цагельні.

цаге́льніца, ‑а, ж.

Жан. да цагельнік.

цаге́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да вырабу цэглы. Цагельная прамысловасць. □ На беразе Дняпра ўзвышаецца комін новага цагельнага завода. Брыль.

цаге́льня, ‑і, ж.

Прадпрыемства, на якім вырабляецца цэгла. Працаваць на цагельні. □ Самае важнае, каб цагельня справілася, каб быў заўсёды запас цэглы... Чорны.

цаглі́на, ‑ы, ж.

1. Адна штука цэглы. Намясілі [людзі] кучу гліны І давай рабіць цагліны, З цэглы вежу будаваць. Крапіва. / у перан. ужыв. Максім Гарэцкі быў у ліку пісьменнікаў, якія закладвалі першыя цагліны ў падмурак беларускай прозы. «Маладосць».

2. які або чаго. Аб прадмеце, які мае форму чатырохвугольнага бруса. [Бацька] заўзята маўчыць і шпурляе наверх вялікія чорныя цагліны торфу, а я адношу іх і складаю адну пры адной. Брыль. У зале лёкаі скрэблі васковыя свечкі на дубовыя цагліны падлогі. Дзеці потым, танцуючы, разнясуць усё нагамі. Караткевіч.

цагля́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да цэглы. Цагляная кладка. □ Сыпаліся разбітыя кулямі шыбы, ляцеў тынк і руды цагляны пыл. Грахоўскі. // Зроблены з цэглы. Цагляны будынак. □ Тут [у мястэчку] ёсць цагляная лазня, царква св. Магдалены, два млыны, дзве школы, сінагога, касцёл і камяніца Базыля Трайчанскага. Колас. Двор Кацубаў быў адгароджаны новымі шчыкетамі, з брамаю і каліткаю, за якімі відаць была новая хата на высокім цагляным падмурку. Якімовіч.

2. Які мае колер цэглы; карычневата-чырвоны. На круглым твары цаглянага колеру тырчэлі сіваватыя тоўстыя вусы. Бядуля. Твар Дзічкоўскага быў цаглянага колеру. Алешка. І цагляная чырвань новых муроў На мяне пральецца, як кроў. І за белаю вапнаю свежых сцен Я ўбачу хаціны чорны шкілет. Панчанка.