Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

цап, выкл. у знач. вык.

Разм. Ужываецца паводле знач. дзеясл. цапаць — цапнуць. Засунеш руку ў нару, а рак цап за пальцы кляшнёй. Лынькоў. [Маляўка:] — Вось прыйдзе хутка наша армія. Тады мы гатовы зруб з лесу цап — ды адразу на калгасную сядзібу. М. Ткачоў.

цапанла́к, ‑у, м.

Празрысты цэлюлозны лак для пакрыцця металічных вырабаў.

[Ням. Zaponlack.]

ца́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

Разм. Хуценька хапаць рукамі, зубамі, кіпцюрамі і пад. Дарэктар выдаўся мяркоўны І лепшы нават, як свой кроўны; Умей з ім толькі пагадзіцца, раменным вушкам паддабрыцца Ці падшыванку звіць на лапаць, — За вуха ён не будзе цапаць. Колас. // Лапаць, мацаць рукамі. — А ён [немец] вызверыўся ды зноў мяне цапае, рукаў ад блузкі ледзь не адарваў. Лынькоў.

цапі́льна, ‑а, н.

Дзяржанне цэпа ў выглядзе доўгай палкі, да верхняга канца якой прывязваецца біч. Біч адляцеў ад цапільна, узляцеў высока над галавой і бразнуўся на ток. Крапіва. Рвануўся [Паўлюк] між братоў і зняў са сцяны цэп: дубовы біч на адпаліраваным рукамі арэхавым цапільне. Караткевіч.

ца́пкі, ‑ая, ‑ае.

Абл. Хваткі, учэпісты. Дзікі вінаград.. моцна ўчапіўся за тонкія дошкі, за кроквы, пераплёўшы іх сваімі цапкімі вусікамі-вывітушкамі. Колас.

цапля́к, ‑а, м.

Абл. Лядзяк. Вясенні промень стрэхі лашчыць, І слёзна плачуць цаплякі. Хведаровіч.

ца́пнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Аднакр. да цапаць.

ца́пстрыкі, ‑аў; адз. няма.

Абл. Дробныя рэчы дамашняга скарбу. Апроч таго, тут абжыліся, На ногі трохі падняліся; Яшчэ б гадочак пажыць ціха, Але найгоршае тут ліха — Збірай зноў цапстрыкі, трасіся Па каранях з дабром, з сям’ёю, У саму бездараж вясною. Колас.

цапу́-лапу́, прысл.

Разм. Спехам. [Кісяленка:] — Трэба тут без спеху, з пачуццём, толкам і расстаноўкаю. А вы цапу-лапу — і няма! Так можна ўвесь бохан злопаць і не адчуць смаку. С. Александровіч. // Пра хуткае і неахайнае выкананне якой‑н. работы. Спярша сядзіць рукі склаўшы, а пасля ўжо цапу-лапу. Янкоўскі.

ца́пфа, ‑ы, ж.

Спец. Шып вала ці восі, які апіраецца на падшыпнік. Цыліндрычная цапфа. Цапфа кола турбіны. // Невялікі цыліндрычны выступ на сярэдзіне ствала гарматы.

[Ням. Zapfen.]