цалава́льнік, ‑а, м.
Гіст. Выбарная асоба ў Расіі ў канцы 15–18 ст., абавязкамі якой былі збор пошлін і падаткаў, выкананне судовых і паліцэйскіх функцый.
цалава́льны, ‑ая, ‑ае.
У выразе: цалавальны запіс (гіст.) — запіс аб прыняцці прысягі, якая суправаджалася цалаваннем крыжа.
цалава́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. цалаваць і цалавацца.
2. Гіст. Прысяга, клятва, у час прыняцця якой цалавалі крыж.
цалава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад цалаваць.
цалава́цца, ‑луюся, ‑луешся, ‑луецца; незак.
Цалаваць адзін аднаго. Пракоп абняў Лапка, і сталі яны цалавацца. Колас. [Бацька] ўсіх абнімаў, цалаваўся з усімі рабочымі. Лынькоў. / у перан. ужыв. Плыла, цалавалася хмарка з зямлёй. Куляшоў.
цалава́ць, ‑лую, ‑луеш, ‑луе; незак., каго-што.
Дакранацца вуснамі да каго‑, чаго‑н., выказваючы пачуццё любві, удзячнасці, ласкі пры сустрэчы, на развітанне і пад. Маці абняла свайго сынка і пачала яго цалаваць. Чарнышэвіч. Вясёлая, бестурботная Ліда гуляла на сваім дворыку, занялася за кацяняткам, лавіла яго, туліла да шчакі, штось ласкавае гаварыла яму і цалавала. Колас. Перад тым, як пайсці з дому, .. [Змітрок] зноў шчыра пацалаваў сястру, як некалі цалаваў маці... Ваданосаў. / у перан. ужыв. Ляцеў насустрач хмельны ад шчасця, чысты вецер, цалуючы родныя твары, поячы салдат ранішняй свежасцю і водарам. Мележ. Калышуцца Прыпяці хвалі, Цалуюць пясок залацісты. Нядзведскі.
•••
Цалаваць рукі і ногі — вельмі прасіць, маліць. — Ён [ляснік] мне рукі і ногі цалаваў, абы я пусціў яго жывога. Чарнышэвіч.
цалёвы, ‑ая, ‑ае.
Роўны адной цалі. Цалёвы цвік. Цалёвая дошка.
цалёўка, ‑і, ДМ ‑лёўцы; Р мн. ‑лёвак; ж.
Разм. Дошка таўшчынёй у адну цалю. Блізка ад вуліцы проці першага ганка стаяла студня са стрэшкай, зробленай з новых, жоўтых, пагабляваных сасновых цалёвак. Пташнікаў.
цалі́к, ‑у, м.
1. Няезджаная, няходжаная прастора, звычайна снежная. За ноч наваліла столькі снегу, што нідзе не было ні сцежкі, ні дарогі, спрэс цалік. Чарнышэвіч. Зімовыя дарогі. Усе вы пракладаецеся па цаліку такім вось першым следам. Машара. Аднак Міхед, каб не трапляцца людзям на вочы, сышоў з дарогі і пасігаў па цаліку. Сабаленка.
2. у знач. прысл. цаліко́м. Без дарогі, напрасткі. Усе лясныя жыхары неахвотна ходзяць цаліком, трымаюцца ўезджаных дарог і сцежак. Ігнаценка. Землепраходцы і хадакі Не шукалі сушэйшага беражка, Яны цаліком, яны напрасткі Праклалі пеша сцяжыны першыя. Барадулін.