фігурава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.
Прысутнічаць, знаходзіцца дзе‑н., прымаючы ўдзел у чым‑н. Фігураваць на судзе ў якасці сведкі. // Называцца, упамінацца. Бобчынскі і Добчынскі фігуруюць у класічнай рабоце У.І. Леніна «Матэрыялізм і эмпірыякрытыцызм» у якасці прадстаўнікоў «новых філасофскіх школак». «Полымя». А цераз год У лесе зноў сабраўся сход, Зноў фельетон Янотаў разбіралі, Але цяпер фігураваў там... Крот. Корбан.
фігура́льнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць фігуральнага. Фігуральнасць стылю.
фігура́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае многа фігур (у 10 знач.), характарызуецца наяўнасцю фігур; напышлівы. Фігуральная мова.
2. Алегарычны, вобразны. Фігуральны зварот. □ Думка гэта правільная не ў літаратурным, а ў фігуральным яе сэнсе. Перкін.
фігура́нт, ‑а, М ‑нце, м.
Уст.
1. Танцоўшчык у групавых балетных выступленнях.
2. Драматычны акцёр, які іграе ролі без слоў.
[Фр. figurant.]
фігура́нтка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Уст. Жан. да фігурант.
фігура́цыя, ‑і, ж.
Спец. Ускладненне асновы музычнага твора шляхам увядзення фігур (у 6 знач.).
[Лац. figuratio — наданне формы, вобразнае выяўленне.]
фігу́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
Памянш.-ласк. да фігура (у 2, 3 і 4 знач.); маленькая фігура.
фігу́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае непрамалінейныя абрысы, контуры; які мае складаную форму. Фігурны шакалад. □ [Галя] была ў чорнай шарсцяной сукенцы з фігурным выразам наперадзе, у сваіх чорных лакіраваных басаножках, з сумачкаю ў руках. Ваданосаў. // Які надае такую форму прадмету. Фігурны разец. // Які мае на паверхні ўзор, цісненне. Фігурныя пераплёты старых кніг.
2. Які выконваецца з фігурамі, апісвае пры сваім руху фігуру. [Славік:] — Пройдзем удваіх, і я пакажу табе вышэйшы клас фігурнага катання. Не бойся, я буду цябе трымаць вось так. Шамякін. // Прызначаны для такога выканання. Фігурныя канькі.
3. Разм. Які мае прыгожую фігуру. Захар Лемеш — фігурны чалавек. Колас.
4. Які аднаўляе фігуры (у 4 знач.). Фігурны жывапіс. Фігурны клас.
5. У шахматах — які адбываецца з удзелам фігур. Фігурная атака на каралеўскім флангу.
•••
Фігурнае катанне — выкананне на каньках пэўнага комплексу элементаў, а таксама танцаў на лёдзе.
Фігурныя дужкі гл. дужка.
фігуры́ст, ‑а, М ‑сце, м.
Спартсмен, які займаецца фігурным катаннем. Рукі [Паўла] былі пластычныя, прыгожыя, нібы ў гімнаста-фігурыста, і Валя, выпадкова зірнуўшы ў акно, залюбавалася. Шыцік.
фігуры́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так, ж.
Жан. да фігурыст.