фігурны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае непрамалінейныя абрысы, контуры; які мае складаную форму. Фігурны шакалад. ▪ [Галя] была ў чорнай шарсцяной сукенцы з фігурным выразам наперадзе, у сваіх чорных лакіраваных басаножках, з сумачкаю ў руках. Ваданосаў. // Які надае такую форму прадмету. Фігурны разец. // Які мае на паверхні ўзор, цісненне. Фігурныя пераплёты старых кніг.
2. Які выконваецца з фігурамі, апісвае пры сваім руху фігуру. [Славік:] — Пройдзем удваіх, і я пакажу табе вышэйшы клас фігурнага катання. Не бойся, я буду цябе трымаць вось так. Шамякін. // Прызначаны для такога выканання. Фігурныя канькі.
3. Разм. Які мае прыгожую фігуру. Захар Лемеш — фігурны чалавек. Колас.
4. Які аднаўляе фігуры (у 4 знач.). Фігурны жывапіс. Фігурны клас.
5. У шахматах — які адбываецца з удзелам фігур. Фігурная атака на каралеўскім флангу.
•••
Фігурнае катанне — выкананне на каньках пэўнага комплексу элементаў, а таксама танцаў на лёдзе.
Фігурныя дужкі гл. дужка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)