Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

уладкава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. уладкаваць і уладкавацца.

уладкава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад уладкаваць.

2. у знач. прым. Разм. Прыведзены ў належны парадак; упарадкаваны; наладжаны. [Лясніцкі:] — Адразу [пасля прамовы] ўсё стала ясным і зразумелым. Што рабіць, чаго чакаць... І пайшло ў нас уладкаванае жыццё. Шамякін.

3. у знач. прым. Даведзены да канца. У першы вечар, калі бавар .. пайшоў са свірна, задаволены ўладкаванай справай, Эрна тут жа прынесла вячэру. Ракітны.

уладкава́цца, ‑куюся, ‑куешся, ‑куецца; зак.

Разм.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Прыйсці ў належны парадак; наладзіцца. Папас, можа, хутка жэніцца і жыццё як-ніяк, а ўладкуецца. Лупсякоў. // Станоўча вырашыцца; уладзіцца. [Марфа:] — А Трыпут?.. Ну, што ён... Згуляецца вяселле дачкі, уладкуюцца справы з хатай і, калі ласка, ад варот — паварот. Савіцкі.

2. Асталявацца, стварыць неабходныя ўмовы для жыцця. [Падводчык:] — У мяне тры хаты. У той, што пасля вайны праз які год паставіў, сястра маёй Аўдолі з малымі жыве .. У другой — мой сын з маладой жонкай уладкаваўся. Бажко. Лёня.. прыйшоў у Мінск і ўладкаваўся на кватэру ў добрых людзей. Новікаў. // Размясціцца, прыстроіцца. Паляўнічы загадзя ўладкаваўся на тоўстым суку і прыладзіў стрэльбу. Пальчэўскі. Мікола і Дзімка ўладкаваліся на ахапку сена, якое нехта прадбачліва кінуў у кузаў. Аляхновіч. Я доўга блукаў, пакуль уладкаваўся на начлег. Навуменка.

3. Паступіць на работу, вучобу, службу і пад., заняць якое‑н. месца, становішча. Уладкавацца ў інстытут. Уладкавацца вучнем на завод. □ Уладкаваўся [Якаў] у пякарні, далі яму там белы фартух і белы каўпак. Кулакоўскі.

уладкава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак.

Разм.

1. што. Прывесці ў належны парадак што‑н.; наладзіць як след. Старэйшыя дзяўчынкі сталоўку падмятаюць, хлопцы асцярожна ёлку ў кут перасоўваюць. Назаўтра, да снедання, трэба ўсё ўладкаваць. Нядзведскі. Раніцаю на завод .. [Міхал] пайшоў з жаданнем як мага хутчэй вярнуцца, каб уладкаваць яшчэ што-небудзь у кватэры. Карпаў. // Давесці да канца якую‑н. справу. — Яшчэ не снедалі? — спытала Таня. [Максім:] — Снеданне потым... Перш-наперш трэба з начальствам пагутарыць, усё ўладкаваць. Машара. Каб я расказаў усю праўду гэтаму даволі прыстойнаму і добрасумленнаму чыноўніку, ён, мабыць, справу ўладкаваў бы. Карпюк. // Узгадніць, прымірыць, урэгуляваць непаразуменні, канфлікты і пад. Думаў [Азарчук] памагчы ўладкаваць .. адносіны [Змітрака] з Інай, хацеў памірыцца з Змітраком, пасябраваць, а выйшла наадварот. Ваданосаў.

2. каго-што. Стварыць неабходныя ўмовы для жыцця, існавання. Не ставала часу, каб падумаць пра самога сябе, неяк уладкаваць асабістае жыццё. Шахавец. // Прыстроіць каго‑н. куды‑н., даць месца для жылля і пад. Пусціўшы ў ход свае здольнасці, я нават уладкаваў .. [Стасю] ў гасцініцу. Навуменка. [Таня і Вера:] «Калі надыдзе пара радзіць, мы зможам уладкаваць цябе ў радзільны дом». Машара.

3. каго. Дапамагчы паступіць на работу, вучобу. Прыехаў дзядзька-рачнік, забіў аполкамі дзверы і вокны хаты і забраў з сабой Максіма ў горад, уладкаваў на параход матросам... Каршукоў. Пасля Новага года ў той жа Рызе мяне ўладкавалі добрыя людзі на прыватныя вячэрнія курсы для дарослых. Мядзёлка.

4. каго-што. Зручна размясціць, палажыць, паставіць і пад. [Іліо] дапамог байцам хутка ўладкаваць Васіля Іванова на насілкі .. і даў знак хутчэй несці цяжкапараненага камандзіра. Кавалёў. Рыбак памог .. [Сотнікаву] перабрацца на лаўку, уладкаваў на ёй параненую нагу. Быкаў. — Перадайце яму, Максімку, што будуць у яго галубы, — хрыплым голасам папрасіў .. [дзядзька Барыс]. — Я галубятню сваю дзе-небудзь паблізу ўладкую... Даніленка.

уладко́ўванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. уладкоўваць — уладкаваць.

уладко́ўвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да уладкавацца.

2. Зал. да уладкоўваць.

уладко́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да уладкаваць.

ула́днасць, ‑і, ж.

Кніжн. Уласцівасць уладнага. Уладнасць голасу. □ За плячыма вартаўніка вісела стрэльба. Усё гэта прыдавала вартаўніку .. уладнасць і ўпэўненасць. Колас.

ула́дны, ‑ая, ‑ае.

Кніжн.

1. Схільны навязваць сваю волю, загадваць, падначальваць сабе. Быстры, уладны і настойлівы, .. [Ермакоў] заўсёды кіраваў іншымі і прызвычаіўся, каб яго паважалі і слухаліся. Мележ. Мужчына ішоў з сабакам, моцны і шыракаплечы, уладны і пераможны і сам падобны на Геракла. Караткевіч. // Які выражае ўладу, волю, рашучасць; уладарны. [Жанчына] акінула Анатоля з галавы да ног уладным позіркам.. і лагодна ўсміхнулася. Ваданосаў. — Стой! Не варушыся! — пачуў .. [Карніцкі] уладны і моцны шэпт, як толькі выбраўся на супрацьлеглы бераг. Паслядовіч.

2. (звычайна з адмоўем «не»). Які мае права, уладу што‑н. рабіць. Агонь у камінку гарэў ласкава і роўна, над ім не ўладны быў асенні вецер, што зласліва шастаў за акном... М. Стральцоў.

3. перан. Неадольны, усемагутны. Уздыхне зямля шчасліва — і з пачуццём асалоды, Уся аддасца ўладнай сіле рук працоўных чалавека. Буйло.

улады́ка, ‑і, м.

1. Архірэй, мітрапаліт. Духоўныя ўладыкі з’яўляліся не толькі буйнейшымі феадаламі-прыгоннікамі, але і пастаянна займаліся гандлёвай і ліхвярскай дзейнасцю. Алексютовіч.

2. Тое, што і уладар. І чуем песні, крык: «Уладыка свету — Праца. Хай згіне капітал, вайна яму! пажар!» Чарот. — Хто закон тут? Я закон! Я ўсяму ўладыка... — Хоча вымавіць Ціхон, Ды не вяжа лыка. Бялевіч.