Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

уле́ва, прысл.

У левы бок; проціл. управа. Дарога паварочвала то ўправа, то ўлева. Краўчанка. Лена крута павярнула ўлева, ведаючы, што тут жа ўніз вядзе лесвіца. Скрыган. // У левым баку, злева. Улева ад сябе .. [Агапа] ўбачыла ў Любіных руках халацік. Мурашка. Улева прасвечваўся гасцінец. Гартны.

уле́гцы, прысл.

Разм. Без паклажы; паражняком. У суботу ідуць [вучні] ўлегцы — за тыдзень вучэння торбы і кошыкі спустошваюцца да апошняе скарыначкі. Васілевіч. Улегцы фурманкі не хадзілі, прывозілі крамныя тавары. Дубоўка.

уле́гчы, улягу, уляжаш, уляжа; уляжам, уляжаце, улягуць; пр. улёг, улегла і улягла, улегла і улягло; заг. уляж; зак.

Разм.

1. Поўнасцю аддацца якой‑н. справе. Улегчы ў навуку. □ [Андрэй] сапраўды гэтак улёг у работу, што нават не глядзеў па баках. Савіцкі. Ціхон прамаўчаў, выкарпаў з гэбля стружку і зноў улёг габляваць. Лобан.

2. перан. Уцягнуцца ў што‑н., набыць моцную схільнасць да чаго‑н. Дзівак, дзівак, нарэшце, растлумач ты: Чаго ты падарожнічаць улёг? Панчанка.

3. Кінуцца наўздагон за кім‑, чым‑н. І раптам пад самымі нагамі прашмыгнула рудая вавёрка. Нават не памятаў Алесь, як улёг за ёй. Ваданосаў. // Накіравацца ў якім‑н. напрамку. [Самалёты] доўга ішлі над лесам. Змянілі курс над нейкай леснічоўкай і ўляглі на поўдзень. Лінія іхняга палёту была ламаная, часам пакручастая. Алешка.

4. Пачаць заляцацца да каго‑н. Не на жарты [Галаўня] ўлёг за Клавай. Гроднеў.

уле́гчыся, улягуся, уляжашся, уляжацца; уляжамся, уляжацеся, улягуцца; пр. улёгся, улеглася і уляглася, улеглася і уляглося; заг. уляжся; зак.

1. Легчы для сну, адпачынку. Улегчыся адпачываць. □ Васіль зачыніў сенцы, запёр іх на закрутку, раздзеўся ўпоцемку і ўлёгся спаць. Гартны. // Прыняць зручнае ляжачае становішча. Цётка .. крактала, варочалася, мабыць, пасля жніва балела цела, і яна ніяк не магла ўлегчыся. Асіпенка. [Сотнікаў] нетаропка выцяг[нуў] на снезе параненую нагу, улёгся і старанней, чымся раней, прыцэліўся. Быкаў. // Змясціцца дзе‑н. у ляжачым становішчы. Калі ж дзядзька Антось з пляменнікамі і старац улегліся ў гумне, Косцік не вытрымаў і запытаў: — Дзеду, а дзеду, калі казкі? С. Александровіч.

2. Змясціцца (аб прадметах). Улегліся кнігі ў чамадан. □ Сям-там трапляліся толькі сыраежкі і лісічкі. Яны сіратліва ўлягліся на дне кошыкаў, як дакор нашай празмернай даверлівасці да тых, хто паабяцаў нам тут грыбныя горы. Паслядовіч.

3. Асесці, апусціцца. Улеглася сена ў копах. Улёгся пыл. □ [Маці:] — От узараў, сынок, то і добра... Калі там і агрэх які, дарма... Перапрэе, уляжацца за зіму, а там на вясну зноў паднімеш. Кулакоўскі. Церусіў дробны снег, але вецер не даваў яму ўлегчыся, здуваў на абочыны вуліц, зганяў з тратуараў. Арабей.

4. перан. Разм. Аслабець, сціхнуць, супакоіцца (пра з’явы прыроды і пад.). Бура ўлеглася. □ Вецер улёгся. Цішыня стала такая, што лісце на ліпах абвяла — не зварухнецца. Ваданосаў. Летнім надвячоркам, калі ўжо трохі ўлеглася дзённая гарачыня, світанскі брыгадзір Лявон Цупкін падышоў пад акно яшчэ новай хаты і пабразгаў у шыбу. Сабаленка. / Пра гукі, шумы і пад. Дзед Талаш і яго спадарожнік прыпыніліся і стаялі моўчкі, пакуль не ўлёгся брэх сабак. Колас. / Пра пачуцці, перажыванні, душэўны стан. Не паспела ўлегчыся адна радасць, як прыйшла другая. Дадзіёмаў. — А што ён казаў пра мяне? — закарцела даведацца Таццяне, як толькі трошкі ўляглося хваляванне. Пальчэўскі. / Пра грамадскія з’явы, адносіны, настроі і пад. [Гаспадыня:] — Лепей пачакаць тут, пакуль не ўляжацца гэта вайна. Чыгрынаў. [Войцік:] — Не, браце, на сваю кватэру табе [Максім] зараз ісці нельга. Эма перадала, каб ты, пакуль не ўляжацца гэта завіруха, дамоў не паказваўся. Машара.

5. Усталявацца, стаць. Ужо зіма добра ўлеглася, калолі па начах маразы вуглы ў хатах. Сачанка.

уле́жаны, ‑ая, ‑ае.

1. Які асеў, ушчыльніўся ад доўгага ляжання. Сустрэла каля брамы цішыня Пяском улежаным, травой кароткай. Пысін. Баба Домна, укруціўшыся ў цёплую хустку, ляжала на сваім улежаным за гады месцы — за комінам, на печы. Сіпакоў.

2. Які ўляжаўся і стаў гатовым для ўжывання. Пахла гарэлым торфам, агуркамі і ўлежанымі яблыкамі. Пташнікаў.

уле́жацца, ‑жыцца; зак.

1. Асесці, ушчыльніцца ад доўгага ляжання. Улежалася зямля. Улежаўся снег.

2. Пасля доўгага ляжання стаць гатовым для карыстання, далейшай апрацоўкі (пра садавіну, лён). — Не вельмі .. [яблыкі] ўжо і зялёныя, — не згадзіўся Хрупак. — Улежацца ў саломе. Чыгрынаў. [Марыля:] Добры быў лянок; палала яго, рвала, слала, а як улежаўся — сушыла, мяла. Купала.

уле́жаць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак.

Змагчы прабыць некаторы час у ляжачым становішчы; астацца ляжаць. — Хоць Міхаіл Пятровіч прыпісаў мне пасцельны рэжым, але ўлежаць я не мог. С. Александровіч. Снарады клаліся густа і трапна. Улежаць пад такім агнём было цяжка. Машара. — Ты думаеш, дзеравіна гэта доўга ўлежыць тут? — паківала галавой жанчына [экскаватаршчыку]. Чыгрынаў.

уле́жвацца, ‑аецца.

Незак. да улежацца.

уле́жна, безас. у знач. вык.

Добра, утульна ляжаць. Мядзведзю на сонцы ўлежна, Уежна каля раёў. Барадулін. Хоць не ўежна, дык улежна. Прыказка.

уле́зці, улезу, улезеш, улезе; пр. улез, ‑ла; заг. улезь; зак.

1. Пранікнуць, праціснуцца, забрацца ўнутр чаго‑н. Улезці ў склеп. Улезці ў кабіну. □ Лапко ўлез у печ і ўзяўся за работу. Памагала яму Анэтка, спрытная, гнуткая дзяўчына. Падавала гліну. Колас. Толькі падумаю ехаць — А як у аўтобус улезеш? На яго ж у суботу Людзей, нібы сосен у лесе. Карызна. Цяпер ужо льга было чалавеку ўлезці ў млын, вылезці назад і паставіць дошкі на месца. Чорны. // Разм. Увайсці, забрацца куды‑н. Не зважаючы на стрэлы і голле, якое драпала яго па твары, .. [Сотнікаў] бег, пакуль не трапілася імшарына, потым улез у нейкую твань і ўжо не мог з яе выбрацца. Быкаў. Цяжка дыхаючы, у штаб улез двухметровай вышыні шыракагруды чалавек з забінтаванай галавою. Шчарбатаў. [Дзядзька:] — Бабка твая .. улезла ў .. [куст маліны] і давай збіраць ягады ў вядзерца. Ляўданскі. [Ігнат:] — Пільнуй, каб коні, барані бог, у балота не ўлезлі. Мележ. // Разм. Пасяліцца, усяліцца куды‑н. Перабраліся ў зямлянку і жылі ў ёй, пакуль не ўлезлі ў новую хату. Лужанін. [Ганка Мікалаеўна:] — Каб сама не бачыла, не паверыла б, — і, памаўчаўшы, дадала: — Вось улезем у новую хату, першым госцем будзеце. Грахоўскі. // перан. Разм. Старанна ўнікнуць у якую‑н. справу. Эскіз дапамог мне яшчэ глыбей улезці ў вобраз. Сяргейчык. // Разм. Надзець што‑н. Насця .. ўлезла ў андарак і, тэпаючы босымі нагамі па падлозе, пайшла ў сенцы адчыняць. Навуменка.

2. Залезці ў шкоду. — Глядзі ж, каб яшчэ які конь не ўлез, — строга паказала Насця. Мележ. [Лапінка:] — Настуля Кукобіна .. моліцца, а сама ўсё цікуе за рэчку, каб гусі ў шкоду не ўлезлі. Брыль. Трэба было глядзець, каб у грады не ўлезла суседскае парася, сачыць за цялём, якое пасвілася на дзедавым прыгуменні і магло ўбіцца ў шкоду. С. Александровіч. // Пранікнуць куды‑н. тайком. У воласць гэтымі днямі прыдзе дывізія, якая, разумеецца, будзе стаяць па вёсках. Дрэнна толькі тое, што салдат любіць часамі і ў пограб зазірнуць і ў кубелец з салам улезці. Колас. // Захапіўшы чужое, залезці куды‑н. — От які сусед мне папаўся, Андрэй, — гаварыў па дарозе Сымон. — Свінушнік пабудаваў, дык па паўаршына ў маю сядзібу ўлез. Чарнышэвіч. // перан. Пранікнуць куды‑н. хітрасцю, лоўкасцю. [Клеманс] думаў, што старшыня паможа яму ўлезці ў сельсавет. Чорны.

3. Умясціцца, размясціцца ўнутры чаго‑н. Нага не ўлезла ў бот. Кнігі ўлезлі ў чамадан. □ Цётка Насця рэжа бульбу на кавалкі, каб больш улезла ў чыгун, і расказвае. Палтаран. [Юрка:] — Цягні яшчэ бутэльку — колькі ў яе ўлезе той вады, і яна сагрэецца адразу, — да лесу яшчэ не данясеш... Пташнікаў.

4. Уваткнуцца, увайсці ў глыб чаго‑н. Улезла стрэмка ў нагу. □ Тое, што першае трапіла на язык, спадабалася Алесю.. Але далей зубы ўлезлі ў нешта вязкае, — груша і не груша. Караткевіч. / у перан. ужыв. У вушы чамусьці ўлезла і гучыць — ні на хвіліну не змаўкае — дзіцячая песенька. Сачанка. // Асесці, апусціцца, увайсці ў што‑н. Старая хата неяк яшчэ больш улезла ў зямлю, нахінулася набок побач з новым зрубам. Хадановіч.

5. Разм. Умяшацца ў якую‑н. справу. У размову ўлезла цётка Таццяна. Яна спыніла Данілу, мабыць, на самым цікавым месцы. Асіпенка. Стары падла, як кажа жонка, а ўлез у кашу, звязаўся з гэтымі зладзеямі! Дамашэвіч.

•••

Колькі ўлезе — уволю, колькі хочаш. [Мужчынскі голас:] — Знайшоў дзе месца чытаць. Бяры дахаты ды там і чытай, колькі ўлезе. Пальчэўскі.

Улезці ў даўгі (у доўг) — тое, што і залезці ў даўгі (у доўг) (гл. залезці).

Улезці ў душу — тое, што і залезці ў душу (гл. залезці).