улюбёна, прысл.
Выражаючы любоў; любоўна. Подпіс атрымаўся закручасты, і Міхась, адставіўшы руку, улюбёна глядзеў на яго. Савіцкі.
улюбёнасць, ‑і, ж.
Стан улюбёнага. Працуючы з Апанасам Мітраховічам, паступова адчула гэту ўлюбёнасць у будаўнічую справу і Марыя Макарэвіч. Васілевіч.
улюбёнец, ‑нца, м.
Той, каго асабліва любяць, цэняць; пястун, любімчык. Пан загадаў вяселле свайго ўлюбёнца адзначыць багатым і вясёлым банкетам. Машара. Хлопчык усцешыўся, пагладзіў вялікага адгадаванага ката, князевага ўлюбёнца. Гарэцкі.
улюбёнка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Жан. да улюбёнец.
улюбёны, ‑ая, ‑ае.
1. Закаханы ў каго‑н. Калі салдаты пайшлі, Лёдзя, улюбёная на той момант у Пракопа, з нейкім асаблівым уздымам узялася за работу. Карпаў. // у знач. наз. улюбёны, ‑ага, м.; улюбёная, ‑ай, ж. Той (тая), хто закаханы ў каго‑н. [Патуцька:] — А гэты... улюбёны твой што — таксама на семінар? — Улюбёны? — дзяўчына ўскінула бровы і ўсміхнулася: Які ўлюбёны? Ці вы жартуеце? Ракітны. // Ачараваны, захоплены кім‑, чым‑н. Валодзька па-дзіцячы быў улюбёны ў.. [Корзуна], як у добрага казачніка. Кірэйчык. [Сакратар:] — Вёсцы трэба не проста людзі, а здольныя людзі, здольныя арганізатары, людзі, улюбёныя ў зямлю. Гаўрылкін.
2. Такі, якому аддаецца перавага ў параўнанні з чым‑н. іншым; аблюбаваны. Улюбёная страва. □ Простыя людзі, радавыя працаўнікі сталі ўлюбёнымі героямі паэзіі Броўкі. «Полымя». Гэта вуліца часта вадзіла Ільіча на Жураўліную горку — яго ўлюбёнае месца адпачынку. Сіпакоў. Маральная і філасофская алегорыя была ў Я. Коласа адным з улюбёных сродкаў мастацкага абагульнення жыццёвых назіранняў. Казека.
улюбі́цца, улюблюся, улюбішся, улюбіцца; зак.
Закахацца ў каго‑н. [Люднікаў:] Дык чаго ты плакала, можа, улюбілася ў каго? [Ніна:] Я не ўлюбілася. Кучар. // Захапіцца чым‑н., паддацца хараству чаго‑н. Улюбіцца ў кнігі. □ Ленінград! Я ўлюбіўся ў тваю прыгажосць! Ставер. Але мы, улюбіўшыся насмерць у шляхі, пракладзеныя ў заўтра, навучылі песню разумець, што ў змаганні і загінуць варта. Таўлай.
улюбі́ць, улюблю, улюбіш, улюбіць; зак., каго-што.
1. Прымусіць каго‑н. пакахаць сябе. Дзяўчына ўлюбіла ў сябе хлопца.
2. Разм. Палюбіць што‑н., захапіцца чым‑н. Я ўлюбіў кнігі з дзяцінства.
улю́блівасць, ‑і, ж.
Схільнасць лёгка і часта ўлюбляцца.
улю́блівы, ‑ая, ‑ае.
Які лёгка і часта ўлюбляецца. Хоць калісьці яшчэ дванаццацігадовым хлапчуком я закахаўся ў сваю настаўніцу, аднак па натуры я быў не ўлюблівы. Карпюк.
улюбля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца.
Незак. да улюбіцца.