ула́дны, ‑ая, ‑ае.
Кніжн.
1. Схільны навязваць сваю волю, загадваць, падначальваць сабе. Быстры, уладны і настойлівы, .. [Ермакоў] заўсёды кіраваў іншымі і прызвычаіўся, каб яго паважалі і слухаліся. Мележ. Мужчына ішоў з сабакам, моцны і шыракаплечы, уладны і пераможны і сам падобны на Геракла. Караткевіч. // Які выражае ўладу, волю, рашучасць; уладарны. [Жанчына] акінула Анатоля з галавы да ног уладным позіркам.. і лагодна ўсміхнулася. Ваданосаў. — Стой! Не варушыся! — пачуў .. [Карніцкі] уладны і моцны шэпт, як толькі выбраўся на супрацьлеглы бераг. Паслядовіч.
2. (звычайна з адмоўем «не»). Які мае права, уладу што‑н. рабіць. Агонь у камінку гарэў ласкава і роўна, над ім не ўладны быў асенні вецер, што зласліва шастаў за акном... М. Стральцоў.
3. перан. Неадольны, усемагутны. Уздыхне зямля шчасліва — і з пачуццём асалоды, Уся аддасца ўладнай сіле рук працоўных чалавека. Буйло.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)