уладкавацца, ‑куюся, ‑куешся, ‑куецца; зак.
Разм.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Прыйсці ў належны парадак; наладзіцца. Папас, можа, хутка жэніцца і жыццё як-ніяк, а ўладкуецца. Лупсякоў. // Станоўча вырашыцца; уладзіцца. [Марфа:] — А Трыпут?.. Ну, што ён... Згуляецца вяселле дачкі, уладкуюцца справы з хатай і, калі ласка, ад варот — паварот. Савіцкі.
2. Асталявацца, стварыць неабходныя ўмовы для жыцця. [Падводчык:] — У мяне тры хаты. У той, што пасля вайны праз які год паставіў, сястра маёй Аўдолі з малымі жыве .. У другой — мой сын з маладой жонкай уладкаваўся. Бажко. Лёня.. прыйшоў у Мінск і ўладкаваўся на кватэру ў добрых людзей. Новікаў. // Размясціцца, прыстроіцца. Паляўнічы загадзя ўладкаваўся на тоўстым суку і прыладзіў стрэльбу. Пальчэўскі. Мікола і Дзімка ўладкаваліся на ахапку сена, якое нехта прадбачліва кінуў у кузаў. Аляхновіч. Я доўга блукаў, пакуль уладкаваўся на начлег. Навуменка.
3. Паступіць на работу, вучобу, службу і пад., заняць якое‑н. месца, становішча. Уладкавацца ў інстытут. Уладкавацца вучнем на завод. ▪ Уладкаваўся [Якаў] у пякарні, далі яму там белы фартух і белы каўпак. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)