Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

уда́рнік 1, ‑а, м.

Перадавы работнік сацыялістычнай вытворчасці, які перавыконвае нормы. Ударнікі калгасных палёў. □ Ударнік.., як на барыкаду, Вядзе на штурм прарываў Ударную брыгаду. Купала. Ударнік той, хто заўсёды і пры ўсякіх умовах паказвае іншым прыклад у рабоце, сам ідучы наперадзе. Арабей. // Пра перадавое прадпрыемства. Калійны камбінат з’яўляецца ўдарнікам будоўлі сямігодкі. «Звязда».

уда́рнік 2, ‑а, м.

1. Частка затвора агнястрэльнай зброі, прызначаная для ўдару па капсулі патрона.

2. Дэталь, прыстасаванне ў якім‑н. механізме, інструменце для атрымання гуку ўдарамі.

3. Разм. Музыкант, які іграе на ўдарных інструментах. Джазавы ўдарнік. □ [Яругіна] цягнула ў рэстараны, дзе джазавыя ўдарнікі выбівалі модныя рытмы. Карамазаў.

уда́рніца, ‑ы, ж.

Жан. да ударнік ​1.

уда́рніцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ўдарніцтва, звязаны з ударніцтвам. Ударніцкая праца.

уда́рніцтва, ‑а, н.

Масавы рух ударнікаў ​1 за перадавыя формы сацыялістычнай працы; праца ўдарнымі метадамі, хуткімі тэмпамі.

уда́рны 1, ‑ая, ‑ае.

1. Звязаны з ударнай працай, ударніцтвам. Ударная брыгада. □ Тлумач растлумачыў: «Наш цэх ударны. Усе стараюцца, каб ніводнай хвіліны не прапала дарма». Чорны. Ударны месячнік па нарыхтоўцы і вывазцы лесу дзяржаве прайшоў .. вельмі ўдала. Брыль.

2. Галоўны, першачарговы; неадкладны. Школа была ўдарным аб’ектам ударнай будоўлі. Грахоўскі. З вёскі змываць дакастрычніцкі бруд — Задача мая ўдарная. Крапіва.

уда́рны 2, ‑ая, ‑ае.

1. Звязаны з нанясеннем або атрыманнем удару. Ударны механізм. Ударная хваля ўзрыву. Ударныя музычныя інструмент.

2. Які наносіць рашаючы ўдар па ворагу, прызначаны для такога ўдару. Ударны полк. Ударная група. □ На краі хвойніку размяшчаўся ўдарны атрад, сабраны з найлепшых і дужэйшых байцоў усіх атрадаў. Шамякін.

ударо́жыцца, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; зак.

Разм. Панадзіцца хадзіць куды‑н., рабіць што‑н. // Абраць для сябе які‑н. занятак. [Дзед Мікалай:] — Праўда, на сына мала было надзеі: ударожыўся ён па лясной часці. Якімовіч.

уда́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.

1. у што і аб што. Сутыкнуцца з чым‑н., папасці ў што‑н. у час імклівага руху; стукнуцца. А на раніцу за вільгатнаватым заходнім ветрам прыляцела і ўдарылася ў шыбы зімовая птушка. Лужанін. Не дачакаўшыся, пакуль човен ударыцца ў бераг, .. [Акім Загорскі] скочыў амаль па калена ў ваду і размераным лёгкім крокам пачаў падымацца па спадзістым адхоне да .. карэты [імператрыцы]. Караткевіч. / Пра гукі. Гулкі пошчак ударыўся аб сцены, замёр недзе пад купалам столі. Асіпенка.

2. аб што і чым. Сутыкнуўшыся з чым‑н., атрымаць удар. Ударыцца галавой аб вушак. □ Падаючы,.. [Міколка] моцна ўдарыўся аб ламачыну. Лынькоў. // без дап. Выцяцца. Бяда спаткала Домнінага сына. Катаўся на каньках І ўдарыўся ён так, Што ледзьве дыхае, Бядак. Корбан.

3. перан.; у што. Аддацца чаму‑н. з захапленнем, пачаць займацца чым‑н. — Здорава ты, Генка, ударыўся ў навуку. Прокша. // Прыйсці ў які‑н. стан. Ударыцца ў слёзы. Ударыцца ў адчай.

уда́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак.

1. каго-што, у што, па чым і без дап. Нанесці ўдар, выцяць; стукнуць. Ударыць вартавога прыкладам. Ударыць кулаком па стале. □ Грыша не мог больш стрымаць свае злосці і з усяе сілы ўдарыў пана. Пальчэўскі. Рыпіць і грукае аб сцяну аканіца, што сарвалася з кручка, — ударыць, адскочыць і зноў калышацца. Каршукоў. Зашумелі хвалі, моцна і сярдзіта ўдарылі ў бераг. Шамякін. / у безас. ужыв. Аскабалкам жалеза .. [Васілю] перабіла плячо, моцна ўдарыла ў грудзі. Лынькоў. // перан.; каго і ў што. Прычыніць каму‑н. боль, пакуты. Бяда звалілася раптоўна і балюча ўдарыла ў сэрца. Пянкрат. [Аржанец:] — Табе, брат, цяжка. Не ты адзін такі: многіх ударыла і многіх яшчэ ўдарыць вайна. Брыль. / у безас. ужыв. Ударыла токам. // перан. Пакрыўдзіць, абразіць каго‑н. Шабета знянацку ўдарыў [Васіля] пытаннем: — Даўно ў лесе б[ы]ў? Мележ.

2. каго-што. Пашкодзіць сябе ўдарам, выцяць. Сяргей устаў з тапчана і незнарок ударыў нагу. Федасеенка.

3. што, у што. Ударам утварыць гук. Ударыць у далоні. □ Ад плошчы даляцела новае салдацкае «Ура!». Дробна і часта ўдарылі ў барабаны. Грымнуў і доўга ўжо не змаўкаў марш. Карпаў. Звонка ўдарылі ў цынкавае вядро густыя струмені малака, зашумеў, запеніўся пахучы сырадой. Бялевіч. // Ударамі апавясціць, адзначыць што‑н. Ударыць трывогу. Ударыць у набатны звон. □ І толькі пасля таго як ударылі ў рэйку... аб’явіўшы канец работы,.. [Федзя] сарваў адну кветку і падышоў да варот. Хомчанка. / Пра бой гадзінніка. Гадзіннік стрэлкі ўгору падганяе, Ударыў поўнач звонкі малаток. А. Александровіч. // без дап. Раздацца, прагучаць. Ля станцыйнага будынка заварушыліся нешматлікія пасажыры, вось-вось павінен быў ударыць звон, да якога падыходзіў ужо чалавек у чырванаверхай шапцы. Хадкевіч. Ударыў гром, і поруч з гэтым Пабег Ручай, за ім другі. Лужанін.

4. Разм. Выстраліць, распачаць стрэльбу. Справа з хмызняка ўдарыла раз, другі гармата. Мележ. З зямлі ўдарылі і змоўклі зеніткі. Асіпенка. Ударылі кулямёты, аўтаматы, вінтоўкі, пачалі біць мінамёты. Гурскі.

5. па кім-чым. Разм. Імкліва і рашуча нанесці ўдар ворагу і атакаваць. Партызаны дружна ўдарылі па немцах. Сіняўскі. Асноўныя сілы атрада зайшлі ў тыл ворага і нечакана ўдарылі па карніках. Шчарбатаў. [Палкоўнік:] — З меншымі сіламі можна адолець ворага, калі ўдарыць знянацку. Новікаў. Па акупантах так ударым, што не далічацца касцей. Таўлай.

6. перан.; па кім-чым. Спыніць чые‑н. адмоўныя, шкодныя дзеянні; знішчыць што‑н. шкоднае, адмоўнае. Ударыць па бюракратах. Ударыць па недахопах. □ Пашоргаўшы косы мянташкамі, чатыры хлопцы, як месяц назад на сенажаці, размахнуліся на ўсё плячо, ударылі па пустазеллю. Шахавец. // Разм. Панесці ўрон, шкоду каму‑, чаму‑н. Моцна ўдарыла вайна па ўсіх планах аканома. Чарнышэвіч.

7. у што, па чым. Трапіць куды‑н. Куля ўдарыла ў сцяну. □ Маланка ўдарыла ў старую бярэзіну, паляцелі долу галіны. Гурскі. // перан. Імкліва пранікнуць куды‑н. Першы стрэл балюча ўдарыў у вушы. Шамякін. Гарачыня ўдарыла ў твар Смірыну. Алешка. Хвошч падняў маснічыну, і ў нос ударыла сырым пахам бульбяных парасткаў. Лупсякоў. Лукер’я Мінаўна пстрыкнула ўключальнікам, святло ўдарыла па вачах. Місько.

8. перан.; у што. Уздзейнічаць на што‑н. (свядомасць, здольнасць рухацца і пад.). Віно ўдарыла ў галаву. □ Язэп адчуў, як у галаву, нібы хмель, ударыла злосць. Асіпенка. // без дап. Пачаць дзейнічаць з вялікім напорам; забіць. Нафтавы фантан ударыў восенню, у пахмурны, імглісты дзень. Навуменка. Пад правым крылом самалёта ўдарыў магутны фантан агню. Новікаў. Спярша са шчыліны ўдарыў газ. Кірэйчык.

9. што і без дап. Разм. Пачаць энергічна рабіць што‑н. (іграць, бегчы і пад.). Аркестры ўдарылі Радасны марш. Глебка. Пасля добрай вячэры музыканты павесялелі, ажывіліся. Ударылі вальс, пасля абэрак. Дамашэвіч. [Пятро:] Выскачыў я з ружжом, босы,.. а яны [воўк і сабака] ужо вуліцу праскочылі, махнулі цераз плот і ўдарылі па гароду — толькі снег віхурай павіс. Ракітны. // чым. Пачаць энергічна дзейнічаць чым‑н. Матросы ўдарылі вёсламі, шлюпка слізганула па вадзе, за кармой закіпеў белы струмень. Хомчанка.

10. перан.; без дап. Наступіць, здарыцца раптоўна, пачацца з вялікай сілай (звычайна пра з’явы прыроды). Ударыў дождж. □ Не ў пару ўдарылі першыя асеннія замаразкі. Сяргейчык. Ударыў вецер з Фінскае затокі. Звонак. А ячмень і зусім яшчэ ад зямлі не адрос, як пусціў каласкі. Ударыла сухмень — ён так і сеў. Сяркоў.

11. безас. Раптоўна ахапіць (пра стан чалавека). На вуліцы, пад каштанамі, Кірыла адчуў, што ўдарыла ў пот. Пацяклі раўчакі за каўнер, залівала вочы. Шамякін.

•••

Кроў ударыла ў твар каму гл. кроў.

Не ўдарыць (не ўпасці, не пляснуцца) тварам у гразь — паказаць сябе як мага лепш, не асарамаціцца, выканаць што‑н. найлепшым чынам.

Палец (пальцам) аб палец не ўдарыць (не стукнуць) — зусім нічога не зрабіць, звычайна для дасягнення якой‑н. мэты.

Ударыць па кішэні — увесці ў вялікія выдаткі.

Ударыць па руках — прыйсці да пагаднення з кім‑н.; заключыць здзелку.

удаскана́ленасць, ‑і, ж.

Уласцівасць удасканаленага (у 2 знач.).

удаскана́ленне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. удасканаліць і удасканаліцца.

2. Тое, што ўзнікла ў выніку такога дзеяння. Рацыяналізатарскія ўдасканаленні. □ Аляксееў, адпачыўшы, збіраўся пазнаёміцца з матэрыяламі аб удасканаленнях, якія ўвялі гаркаўчане ў вагранках. Карпаў.