уда́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.
1. у што і аб што. Сутыкнуцца з чым‑н., папасці ў што‑н. у час імклівага руху; стукнуцца. А на раніцу за вільгатнаватым заходнім ветрам прыляцела і ўдарылася ў шыбы зімовая птушка. Лужанін. Не дачакаўшыся, пакуль човен ударыцца ў бераг, .. [Акім Загорскі] скочыў амаль па калена ў ваду і размераным лёгкім крокам пачаў падымацца па спадзістым адхоне да .. карэты [імператрыцы]. Караткевіч. / Пра гукі. Гулкі пошчак ударыўся аб сцены, замёр недзе пад купалам столі. Асіпенка.
2. аб што і чым. Сутыкнуўшыся з чым‑н., атрымаць удар. Ударыцца галавой аб вушак. □ Падаючы,.. [Міколка] моцна ўдарыўся аб ламачыну. Лынькоў. // без дап. Выцяцца. Бяда спаткала Домнінага сына. Катаўся на каньках І ўдарыўся ён так, Што ледзьве дыхае, Бядак. Корбан.
3. перан.; у што. Аддацца чаму‑н. з захапленнем, пачаць займацца чым‑н. — Здорава ты, Генка, ударыўся ў навуку. Прокша. // Прыйсці ў які‑н. стан. Ударыцца ў слёзы. Ударыцца ў адчай.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)