спага́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
1. Спачуванне і каму‑н. у сувязі з чым‑н. Але Стэпа была адна: ні помачы, ні спагады чакаць ёй не было адкуль... Гартны. У.. голасе [Кірылы] адчуваўся боль і спагада да жонкі, на лёс якой выпала гэтулькі клопатаў. Гурскі. // Добразычлівыя адносіны да каго‑, чаго‑н.; маральная падтрымка. Свет жорсткі, ніхто не разумее здольнага хлопца, нават свае людзі. Мае спагаду адно дзед. Лужанін.
2. Літасць да каго‑н. з чыйго‑н. боку. Я ведаю, спагады Ён ворагу не дасць. Глебка. Яе будзе спагады вяльможнаму гаду, Хай моліцца богу! Бажко.
спагада́нне, ‑я, н.
Тое, што і спагада. Пан не мае спагадання, Што трэба жыць з сям’ёй на свеце, Што ты, як рыба тая ў сеці, Не маеш волі, ні разгону. Колас.
спагада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каму-чаму.
1. Спачуваць, адносіцца са спагадай да гора, перажыванняў каго‑н. Больш за ўсіх спагадала Надзі Ева Аўсееўна. Машара.
2. Адносіцца добразычліва да каго‑, чаго‑н.; праяўляць літасць. Спагадаць яго бездапаможнасць. □ І хоць бабка не надта спагадала нявестцы, але на гэты раз па-добраму накрычала па яе. Астрэйка.
спагадзя́, прысл.
Абл. Пазней, праз некаторы час. Я, а за мною, трошкі спагадзя, і Каця моўчкі падаліся да клумбы, дзе капала Агапа і дзе стаялі, уваткнутыя ў зямлю, жалезнякі... Сачанка. У той вечар мы, мабыць, так болей і не сказалі б ніводнага слова пра Велю, але крыху спагадзя прыйшоў Якімцаў, наш брыгадзір. Савіцкі.
спага́длівасць і спага́днасць, ‑і, ж.
Уласцівасць спагадлівага, спагаднага. Жанчына варухнулася, убачыла калону на дарозе, у вачах яе засвяцілася матчына ласка і спагадлівасць. Хадкевіч. Антон гаварыў пра сціпласць і спагадлівасць Алены, яе працавітасць, пра яе дзяцей. Сіўцоў. Ад простай спагаднасці не пастарэеш, Адно мо выразней нахмурацца бровы. Лось.
спага́длівы і спага́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Уважлівы да людзей, чулы, сардэчны. [Ярына:] — Балазе, хоць людзі ў нас спагадлівыя, хату, бачыш, памаглі паставіць, сені перасыпалі і так не забываюцца заглянуць да мяне. Бажко. Мележ імкнуўся паказаць Тураўца як чалавека чулага і спагадлівага да людзей. Дзюбайла. // Які выяўляе спачуванне, спагаду. Ідзе Ядзя на заданне, а свае людзі праводзяць яе спагадлівымі позіркамі. Новікаў. Ніна ўбачыла над сабою незнаёмы, спагадлівы твар жанчыны і ціха, прыглушана застагнала. Мележ.
2. Які выяўляе падтрымку, добразычлівасць, літасцівасць. У спакойнай паўдрымоце .. [Мікалай Аляксеевіч] слухаў спагадныя размовы бабулек. Навуменка.
спага́нены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад спаганяць.
спага́ніцца, ‑нюся, ‑нішся, ‑ніцца; зак.
Разм. Тое, што і апаганіцца.