Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

слізяві́к, ‑зевіку, м.

Ніжэйшая бесхларафілавая расліна, слізісты грыб.

сліма́к, ‑а, м.

1. Малюск, які мае ракавіну і рухаецца вельмі марудна. [Мядзведзіца] пераварочвала старыя, трухлявыя калоды.. і ў чорнай вільготнай глебе заўсёды знаходзіла пад імі мноства тлустых лічынак, чарвей і слімакоў. В. Вольскі. // Малюск, амаль пазбаўлены ракавіны; слізняк. Корміцца язь насякомымі і іх лічынкамі, рознымі чарвякамі, слімакамі і водарасцямі. Матрунёнак.

2. Разм. зневаж. Пра бязвольнага, бесхарактарнага чалавека. [Маці:] — Бацька кажа — [Юрка] проста нікчэмны, слімак. Карпаў. [Сцяпан] лаяў сябе: баязлівец, слімак; папракаў: так ніколі нічога не даб’ешся, — але саўладаць з прыкрай кволасцю не мог. Мележ.

слімакава́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм. Пакрыты слінай, мокры ад сліны. Слімакаватыя губы. Слімакаваты рот.

слімако́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да слімака. Слімаковая ракавіна. □ Мінулі хмары, І сонца ўстала зноў, Жук хату слімакову Пакінуў і пайшоў. Танк.

сліма́цкі, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які мае адносіны да слімака (у 2 знач.).

сліма́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Разм., зневаж. Жан. да слімак (у 2 знач.).

слі́на, ‑ы, ж.

Цягучая вадкасць, якая выдзяляецца асобымі залозамі ў поласці рота чалавека і жывёлы і садзейнічае змочванню і пераварванню ежы. [Кузьма:] — Ды такая паляндвіца! Свіціцца проста. У мяне аж сліна пацякла, калі ўбачыў. Ермаловіч. [Пніцкі] ўжо .. у смак гаворкі ўваходзіў: пырскаў слінаю, патрасаў плячыма. Чорны. Стаіць ураднік, выцірае рукавом сліну з рота, твар злосны і крывіцца ад знявагі. Каваль.

•••

Глытаць сліну гл. глытаць.

слінавыдзяле́нне, ‑я, н.

Выдзяленне сліны сліннымі залозамі.

слінавыдзяля́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да слінавыдзялення. Слінавыдзяляльны рэфлекс.

слінаго́н, ‑у, м.

Аднагадовая расліна сямейства складанакветных, некаторыя віды якой ужываюцца ў медыцыне як слінагонны сродак.