слуха́ч, ‑а, м.
1. Той, хто слухае каго‑, што‑н. Халімону сусед патрэбен быў, каб мець слухача. Галавач. А калі пачалі выступаць салігорцы, нельга было знайсці такога слухача, які б не захапляўся. Кулакоўскі. Толькі грыбы засядаюць маўкліва — Песням патрэбны свае слухачы. Агняцвет.
2. Навучэнец некаторых навучальных устаноў. Слухач ваеннай акадэміі. Слухач палітасветных курсаў. □ — Гэта слухачы інстытута ўдасканалення ўрачоў, — сказаў хтосьці. Мяжэвіч.
3. Спец. Работнік радыёсувязі, які прымае на слых сігналы, што перадаюцца па радыё.
•••
Вольны слухач (уст.) — асоба, якая дапушчана да заняткаў і экзаменаў у вышэйшай навучальнай установе без залічэння студэнтам.
слуха́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Жан. да слухач.
слухмя́насць, ‑і, ж.
Уласцівасць слухмянага. Цімафей Міронавіч выйшаў з хаты з пакорнай слухмянасцю чалавека, які з мілай ахвотаю зробіць усё, што ад яго патрабуюць. Зарэцкі.
слухмя́ны, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і паслухмяны. Марылька — дзедава дачка ад першай жонкі, бабіна падчарыца, дзяўчынка ціхая, слухмяная, працавітая. Брыль. Слухмянага каня Не падганяю: — «Но!»... Куляшоў.
слу́цкі, ‑ая, ‑ае.
У выразе: слуцкая бэра гл. бэра.
слу́шнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць слушнага. Слушнасць заўвагі. Слушнасць думкі. Слушнасць прапановы.
слу́шны, ‑ая, ‑ае.
Разумны; абгрунтаваны; практычна карысны. Слушная парада. Слушная заўвага. Слушная ідэя. □ Але ж Сямён таксама хоча найлепшага. І прапанова яго слушная. Шыцік. Думка была слушная, і Віктар павінен быў з ёй згадзіцца. Маўр.