Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сло́ўнік, ‑а, м.

1. Кніга, у якой сабраны і размешчаны ў пэўным парадку (звычайна ў алфавітным) словы з тлумачэннем або з перакладам на іншую мову. Тлумачальны слоўнік. Беларуска-рускі слоўнік. Арфаграфічны слоўнік. Дыялектны слоўнік.

2. толькі адз. Сукупнасць слоў, якія выкарыстоўваюцца кім‑н. або дзе‑н.; лексіка. Узбагачэнне слоўніка дзяцей. Паэтыка коласаўскіх паэм, іх паэтычны слоўнік самым цесным чынам звязаны з тагачаснай сучаснасцю. Навуменка.

•••

Частотны слоўнік — тып слоўніка, у якім даюцца лічбавыя характарыстыкі ўжывальнасці слоў (словаформ, словазлучэнняў) у якой‑н. мове.

сло́ўнікавы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да складання і выдання слоўніка (у 1 знач.). Слоўнікавы артыкул. Слоўнікавая работа. Слоўнікавае выдавецтва.

2. Які мае адносіны да слоўніка (у 2 знач.); лексічны. Слоўнікавы састаў мовы.

сло́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да слова, які складаецца са слоў. Слоўны матэрыял. Слоўнае багацце народа. □ Між песень, зафіксаваных на Беларусі М. Федароўскім, можна сустрэць нямала твораў украінскага паходжання, што шырока бытавалі на беларускіх землях у самабытным слаўным афармленні. Саламевіч.

2. Які ажыццяўляецца пры дапамозе слоў; вусны. Кожны раз у самай гарачцы слоўнага турніру між рэжысёрам і драматургам, калі, здаецца, во-во вайна дойдзе да самага свайго найвышэйшага пункту і ад слоўнага яна прыме кулачны выгляд, — пан Вашамірскі стрымліваў іх імпэт. Бядуля.

3. Уст. Які мае адносіны да славеснасці. Важна адзначыць, што Кандрату Крапіве падуладны розныя слоўныя жанры. Бялевіч.

сло́ўца, ‑а, н.

Разм. Памянш.-ласк. да слова (у 1, 3 знач.); трапнае, удалае слова, выраз. Кожнаму з.. [навасёлаў] Колас хацеў зазірнуць у вочы, пачуць ад кожнага хоць адно, але самае дарагое слоўца. Лужанін. Дам я Вам слоўца, братняе слоўца, шчырае слоўца, — не знаю другіх. Купала.

•••

Закінуць (адмовіць) слоўца гл. закінуць.

Моцнае слоўца — тое, што і моцнае слова (гл. слова).