Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пісто́нны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да пістона. // Які страляе пры дапамозе пістона. Пістоннае ружжо.

пісуа́р, ‑а, м.

Спецыяльная ракавіна са сцёкам для мачы ў мужчынскай прыбіральні.

[Фр. pissoir.]

пісу́лька, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.

Разм. Маленькае пісьмо, запіска. — Уся гэта мая бяда, як ты кажаш, змешчана вось у гэтай невялічкай пісульцы, — Лабановіч паказаў паперку ад дырэкцыі народных школ. Колас. Не раз Міхалка слаў пісулькі да свайго сябрука Андрэя. Ядвігін Ш.

пісцо́вы, ‑ая, ‑ае.

Гіст. У якім былі перапісаны розныя аб’екты для абкладання падаткамі [пра помнікі дзелавой пісьменнасці 15–17 стст.]. Пісцовыя кнігі.

пі́счы, ‑ая, ‑ае.

Прызначаны, прыгодны для пісання. Пісчая папера.

пісьмаво́д, ‑а, М ‑дзе, м.

Гіст. Служачы ў канцылярыі, справавод.

пісьмаво́дства, ‑а, н.

Гіст. Вядзенне карэспандэнцыі, справаводства.

пісьмано́сец, ‑носца, м.

Паштальён. У гэты час зайшоў калгасны пісьманосец, ён прынёс паведамленне ад генерал-маёра Крывашэйна, што Ігнась Налівайка жывы. Гурскі.

пісьмано́ска, ‑і, ДМ ‑носцы; Р мн. ‑носак; ж.

Разм. Жан. да пісьманосец.

пі́сьменнасць, ‑і, ж.

1. Сістэма графічных знакаў, якія ўжываюцца для пісання. Літоўцы ў той час яшчэ не мелі ўласнай пісьменнасці, і таму для патрэб дзяржаўных зносін выкарыстана была беларуская мова. Жураўскі.

2. Сукупнасць пісьмовых помнікаў якой‑н. гістарычнай эпохі пэўнага народа.

пісьме́ннасць, ‑і, ж.

1. Уменне чытаць і пісаць. Аксён ужо нават можа і распісацца, што яго вельмі цешыць, але гэта яшчэ не сведчыць аб яго пісьменнасці. Колас. // перан. Наяўнасць ведаў у якой‑н. галіне. Перад выканаўцамі гэтага ансамбля паўсталі задачы вялізарнай складанасці: не толькі авалодаць музычнай пісьменнасцю мастацтва ансамблевай ігры, але і забяспечыць сябе літаратурай. «Беларусь».

2. Адсутнасць граматычных і стылістычных памылак. Пісьменнасць сачынення. // перан. Праяўленне майстэрства ў выкананні чаго‑н.; адпаведнасць чаго‑н. патрабаванням навукі. Пісьменнасць праекта.