плюсо́ўшчык, ‑а, м.
Спец. Рабочы, які займаецца плюсоўкай, плюсаваннем.
плюсо́ўшчыца, ‑ы, ж.
Спец. Жан. да плюсоўшчык.
плюсь, выкл.
Разм.
1. Абазначае гук пры ўдары аб паверхню вады, пры пацалунку і інш.
2. у знач. вык. Адпавядае дзеясловам: плюскаць, плюснуць, плюснуцца. Нап’ецца гарэлкі, як вады гусь, А пасля сядзіць і вачыма плюсь. «Полымя». У доме згледзеўшы Мальвіну, Валенты пан і пан Самусь У ручку ёй галантна — плюсь І распыталі пра навіны. Колас.
плюх, выкл.
Разм.
1. Абазначае гук ад падзення чаго‑н. у ваду або іншую вадкасць. У ранішняй цішыні толькі і чулася: плюх, плюх... Ігнаценка.
2. у знач. вык. Адпавядае дзеясловам: плюхнуць, плюхнуцца і плюхаць, плюхацца. Я глядзеў направа, а з левага боку — плюх за шыю нешта халоднае. Жычка.
плю́ханне, ‑я, н.
Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. плюхаць — плюхнуць і плюхацца — плюхнуцца. Чуваць плюханне і скрогат плывучых крыг. Чарнышэвіч.
плю́хацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Пералівацца, ударацца аб што‑н. (пра вадкасць). Нарэшце човен супакоіўся; на дне яго плюхалася вада. Маўр.
2. Перамяшчацца, рухацца ў вадзе, балоце або іншай вадкасці, распырскваючы яе і робячы пры гэтым характэрныя гукі. Салдаты з аўтаматамі плюхаюцца па гразі. Кулакоўскі.
3. Купацца, мыцца, распырскваючы ваду. У мелкай рэчцы з крутымі берагамі плюхаліся голыя хлапчукі. Асіпенка. Пасля дарогі асалода была плюхацца над белым умывальнікам, надзяваць чыстую сарочку, завязваць не вельмі звыклы гальштук. Мележ. // Абдаваць сябе або каго‑н. пырскамі.
4. Падаць, шлёпацца ў ваду, гразь і пад. з пляскам. Скошаныя кулямі, снапамі падалі фашысты на абломкі ільдзін, плюхаліся ў ваду... Стаховіч.
плю́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да плюхнуць.
плю́хнуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.
1. Упасці з шумам у ваду або іншую вадкасць; шлёпнуцца. Салдат спатыкнуўся ды плюхнуўся ў брудную лужыну. Якімовіч. Потым штосьці цяжкае плюхнулася ў ваду, і ўсё сціхла... Ваданосаў. // Грузна сесці на што‑н. — Паехалі! — крыкнуў генерал і плюхнуўся на сядзенне. Асіпенка. Яраш плюхнуўся, аж застагналі спружыны, у тое крэсла, дзе толькі што сядзеў Кірыла. Шамякін.
2. Скалыхнуцца з пляскам (пра ваду і інш. вадкасці) ад удару і пад.
плю́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
1. Тое, што і плюхнуцца. Бутэлька не разбілася, а плюхнула ў ваду. Карпюк. Плюхнуў Даніла ў крэсла ля Дзерашавага стала, аж тое з скогатам адсунулася. Шынклер. Збоку, так пачулася Ігнату, плюхнула вада, нібы хто ідзе непадалёк побач з дарогай. Галавач. Дзесь у чаротах плюхне качка. Па лозах пройдзе вецярок... Іверс.
2. што або чаго. Разм. Рэзкім рухам выліць ваду, вадкасць. Жанчына не адказала, высыпала бульбу з мяшка ў цабэрак, плюхнула туды вады вядро і пачала ажагом мяшаць. Лобан. // Наліць невялікую колькасць. Калі Тарасюку плюхнулі баланды, ён падхапіў бляшанку і вымеркаваў так, каб сесці поруч з пакалечаным палонным. С. Александровіч.
плюхо́та, ‑ы, ДМ ‑хоце, ж.
Разм. Дрэнная, дажджлівая пагода, слота. Ссохлі травы, ўсё павяла. Слаць, плюхота, холад, цьма. Эх, скарэй бы закрывала Зямлю чорную зіма! Колас.