Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

часці́ць, чашчу, часціш, часціць; незак.

Вельмі хутка, часта рабіць якія‑н. рухі, дзеянні і пад. — Усё зразумела, — адразу адказаў той. — У вас, малады чалавек, часціць сэрца. Гамолка. — З грэблі б’юць. Вось і нямецкія аўтаматы часцяць. Лынькоў.

часць, ‑і, ж.

1. Асобная самастойная вайсковая адзінка. Танкавыя часці. Пяхотныя часці. □ Вайсковая часць.. атрымлівае заданне: выбіць фашыстаў з умацаванняў. «Звязда».

2. Доля, пай, якія належаць каму‑н. [Богушу] ўжо не да твару калупацца ў зямлі, ён прадае сваю часць і едзе ў свет. Скрыган.

3. з азначэннем. Разм. Галіна якой‑н. дзейнасці; спецыяльнасць. Пайсці па слясарнай часці. □ [Дзед:] — Праўда, на сына мала было надзеі: ударожыўся ён па лясной часці. Якімовіч. // Круг, сфера чыіх‑н. абавязкаў, інтарэсаў, дзейнасці. — А ты замест таго, каб тытунём сабе галаву тлуміць, пацешыўся б во прыродай! — кінуў Наркевічу.. Севасцьянаў. — Ну, гэта па тваёй часці, — засмяяўся Наркевіч, — ты ж паэт, а не я. «Полымя».

часцю́тка, прысл.

Разм. Вельмі часта. Часцютка прыбягаюць дзеці.

часцяко́м, прысл.

Разм. Даволі часта, нярэдка. З таго дня, як у Лісаветы нарадзіўся маленькі Уладзік, я часцяком насіў ёй малако. Сачанка. Часцяком здаралася, што пакой пуставаў, ніхто ў ім не жыў. Карамазаў.

чатырна́ццаты, ‑ая, ‑ае.

Ліч. парадк. да чатырнаццаць. Вось прайшла пад акном суседчына Нэлька. Ёй пайшоў чатырнаццаты год, і яна ўжо трымаецца, як дарослая, нявеста. Ракітны.

чатырнаццацігадо́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Узростам у чатырнаццаць гадоў. На другі дзень палова вёскі ўступіла ў калгас, і ў ліку першых — яе Сяргей, чатырнаццацігадовы гаспадар. Шамякін.

2. Працягласцю ў чатырнаццаць гадоў. Чатырнаццацігадовы перыяд.

чатырна́ццаць, ‑ццаці, Т ‑ццаццю, ліч. кольк.

Лік і лічба 14. Чатырнаццаць дзеліцца на 2. // Колькасць, якая абазначаецца лічбай 14. Да таго ж Мініч яшчэ меў недахоп у вымаўленні: ён шапялявіў. Было яму чатырнаццаць гадоў. Колас.

чатырох...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае: 1) які складаецца з чатырох частак, раздзелаў, аддзелаў і пад., напрыклад: чатырохкласны, чатырохпакаёвы, чатырохтомны, чатырохпавярховы; 2) які мае чатыры аднолькавыя прадметы, прыкметы, уласцівасці і пад., напрыклад: чатырохвугольны, чатырохматорны, чатырохстопны; 3) колькасцю, мерай, коштам у чатыры якія‑н. адзінкі, напрыклад: чатырохбальны, чатырохметровы, чатырохрублёвы.

чатыроха́ктны, ‑ая, ‑ае.

Які складаецца з чатырох актаў. Чатырохактная драма.

чатырохакто́вы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і чатырохактны.