Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

часо́піс, ‑а, м.

Перыядычнае выданне ў выглядзе кніжкі. Тэлеграмы, важныя пакеты, На якіх Сургучная пячаць, Свежыя часопісы, газеты Я прызначан людзям уручаць. Непачаловіч.

•••

Тоўсты часопіс — перыядычны (звычайна штомесячны) літаратурна-мастацкі і грамадска-палітычны часопіс значнага аб’ёму.

часо́пісны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да часопіса. Часопісны артыкул. Часопісны варыянт рамана. □ Прачытаўшы са старонку часопіснага тэксту, вы прыходзіце да думкі, што перад вамі твор не зусім звычайны. Шкраба. З’явіліся новыя імёны крытыкаў і гісторыкаў літаратуры, актывізавалася іх дзейнасць, галоўным чынам у галіне часопіснай крытыкі. Мушынскі.

частава́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. частаваць.

2. Ежа, пітво, якімі частуюць. Людзі самі назносілі ў хаты навасельцаў усякага частавання і спраўлялі гэты дзень, як свята. Краўчанка.

частава́цца, ‑туюся, ‑туешся, ‑туецца; незак.

1. Піць, есці, курыць тое, чым частуюць. Галя дастала з кішэні плашча невялічкі папяровы згортачак з цукеркамі, купленымі ў краме ў Сялібе, і аддала пляменніку — частуйся, ласун. Ермаловіч. [Глеб Іванавіч] прысеў да стала, дастаў пачак «Нёману», закурыў, прапанаваў гаспадару частавацца. Дуброўскі. // Есці з задавальненнем што‑н. смачнае; есці, піць кампаніяй. Падходзілі да Петраковай талеркі людзі і за падарункі гарэлачкай частаваліся. Гарэцкі. [Яўхім:] — Кланяліся яму [каменю], маліліся і нават у такія святы, як радаўніца, тройца, прыходзілі пад камень частавацца і, адыходзячы, пакідалі трохі ежы. Пестрак.

2. Зал. да частаваць.

частава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., каго.

Даваць або прапаноўваць паесці, папіць, пакурыць; карміць або паіць каго‑н., выказваючы ўвагу, гасціннасць. Маці частавала дачку, слухала яе і не магла надзівіцца. Грамовіч. Шпілеўскі, які дапамагаў разгружаць машыну, весела частаваў усіх папяросамі. Савіцкі. // перан. Разм. Рабіць каму‑н. што‑н. прыемнае. Мужчыны нашы днямі ўжо бачылі гэты спектакль, цяпер Цімох частаваў ім мяне, аднак рагаталі ўсе. Брыль. [Вышамірскі] хадзіў ад хаты да хаты і частаваў людзей паляўнічымі апавяданнямі. Бядуля. // перан. Разм. Біць таго, хто лезе не ў сваё. — Жывём, гасцей не клічам І ў госці не паўзём, Няпрошаных па лычу Частуем таўкачом. Лужанін. А потым аплявухамі як след [Янук] Зладзюгу частаваць узяўся. Корбан.

частако́л, ‑у, м.

Агароджа, плот, зроблены з калоў, паўбіваных блізка адзін каля аднаго. Сланечнік галаву цяжкую праз частакол прасунуў, грэецца — холад даймае патрошку. Барадулін. / Пра расліны, якія пасаджаны або растуць у адну прамую лінію, адна каля адной. Змрокам авіты бяроз частакол Вецер за вокнамі клоніць. А. Александровіч.

частако́лавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да частаколу; утвораны частаколам. Двор прасторны. Хата, павець, клець, паграбок і вялікі частаколавы закут для птушкі. Лупсякоў.

частако́ліна, ‑ы, ж.

Адзін кол частаколу. [Міхалка] далей не пайшоў — астаўся стаяць, высунуўшы твар паміж дзвюх рассунутых частаколін. Чорны. На вясковай вуліцы была гэтакая ціш, што каб у гэтым канцы пераламаў частаколіну, дык, пэўна, у тым пачулі б трэск. Калюга.

частата́, ‑ы, ДМ ‑таце, ж.

1. Уласцівасць частага.

2. Спец. Колькасць рухаў, ваганняў, паўтарэнняў у якую‑н. адзінку часу; велічыня, што выражае колькасць рухаў, ваганняў, паўтарэнняў за адзінку часу. Частата пульсу. □ Аляксей глядзіць на паказанні прыбораў: напружанне, сіла і частата току нармальныя. Жычка.

частатаме́р, ‑а, м.

Прыбор для вымярэння частаты перыядычных ваганняў.