Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

спахмурне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Зрабіцца хмурным, змрочным (пра з’явы прыроды). Неба спахмурнела. □ Дзень, які радаваў святлом і сонцам, к паўдню спахмурнеў. Якімовіч. Дзвіна ў момант спахмурнела. Хадкевіч. / у безас. ужыв. А за варотамі раптам спахмурнела. Васілевіч.

2. Стаць хмурным, панурым, сумным (пра чалавека). Яшчэ ўдзень.. [Алена] заўважыла, як спахмурнела Марына Міхайлаўна, чытаючы запіску. Паслядовіч. Алена раптам зрабілася задумлівай, твар яе спахмурнеў. Сабаленка. Нечакана я заўважыў, як спахмурнелі яго [Дзянісава] вочы. Гамолка.

спахо́плівацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да спахапіцца.

спахо́плівы, ‑ая, ‑ае.

Які хутка рэагуе на што‑н.; жвавы, здагадлівы. Спахоплівы хлопец.

спаце́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Пакрыты потам; потны. Змораны, спацелы, я адчапіў бароны, каб ехаць на абед. Грамовіч. Жанчыны сядзяць на мяхах, выціраюць спацелыя твары. Асіпенка. Госць пачынае пацепваць плячыма, бо спацелая кашуля ліпне да цела. Карамазаў.

2. Пакрыты вільгаццю; запацелы. Макар працёр спацелую шыбу далоняй і прыпаў да рамы. Дуброўскі. Ужо не было чаго і рабіць, а брыгадзір Апанас Высеўка ўсё хадзіў між тых пахучых мэдлікаў ды спацелыя каласы гладзіў. Бялевіч.

спаце́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. Пакрыцца потам. Лоб.. [Сіўцова] спацеў, ад напружання спацела рука. Васілевіч. Андрэй пачуў, што і ён спацеў: мокра за плячыма. Пташнікаў.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пакрыцца вільгаццю, кроплямі пары; запацець. У Зоі на вочы набеглі слёзы, акуляры адразу спацелі, стала кепска відаць. Арабей.

спа́цца, спіцца; пр. спалася; безас. незак.

Пра жаданне, магчымасць спаць. На свежым лясным паветры спалася моцна і смачна. Машара. Пагасаюць агні над сталіцай, Засынаюць кварталы Масквы... Толькі нам, падарожным, не спіцца. Глебка.

спа́цыр, ‑у, м.

Абл. Шпацыр. [Галаўня:] — Хадзем у кантору. — Чаго? — нахмурыўся Дыба. — У мяне ж работа. — Здаецца, і я не на спацыр выйшаў. Гроднеў.

спацырава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.

Абл. Шпацыраваць. Каля дарогі спацыравалі вароны. Чорны. Стары палкоўнік.. спацыраваў па вуліцах. Бядуля.

спаць, сплю, спіш, спіць; незак.

1. Быць, знаходзіцца ў стане сну. Калі павячэралі, Маша паслала ложак і лягла спаць. Мележ. Каб паказаць, што ён сапраўды хоча спаць, стары хітрун скоранька, але вельмі старанна пазяхнуў. Зарэцкі. // перан. Заціхнуць, быць бязлюдным. Вёска спіць — нідзе ні агеньчыка. Асіпенка. Вуліца не спіць: даносяцца прыглушаныя галасы, рып калодзежнага жураўля. Навуменка. Саша накідвае халацік, ідзе ў дзіцячую. Бальніца спіць. Шамякін. // перан. Быць у стане спакою, нерухомасці. Спяць векавечныя хвоі, Цёмнае возера спіць. Васілёк. Нікнуць сонныя чароты, За гарою ветры спяць. Броўка. // перан. Спачываць, быць пахаваным дзе‑н. (пра памёршых). Ёсць на палетках курганы, Там спяць адважныя сыны, Што згінулі ў паходзе. Лужанін. Тут спіць Валянціна... Савецкі салдат... Звычайная наша дзяўчына. Гілевіч.

2. перан. Быць пасіўным; бяздзейнічаць. [Буйскі:] — Так, трэба быць вельмі асцярожнымі, таварышы. Іх [немцаў] разведка таксама не спіць. Шамякін. [Шура:] — Уцягвайце больш людзей у работу, штурхайце Мядзведзічы пад бакі, каб яны не спалі. Крапіва. // Знаходзіцца ў бяздзеянні (пра прадметы). Снуюць патруль. Не спяць у бункерах кулямёты. Брыль. Не спіць толькі галасісты баян. Васілевіч. // Не выяўляць сябе (пра пачуцці, здольнасці і пад.). Спіць каханне ў дамах. Спіць прадоння марскога імгла. Караткевіч. Але не спіць людская памяць І не дазволіць ашукаць Дзяцей, што нас з вайны чакаюць, Хоць і не могуць прычакаць. Вітка.

3. Разм. Быць у палавой сувязі з кім‑н.

•••

Класціся спаць з курамі гл. класціся.

Лаўры чые не даюць спаць гл. лаўр.

Спаць адным вокам — спаць насцярожана, трывожна.

Спаць без задніх ног — вельмі моцна спаць.

Спаць вечным сном — пра памёршага.

Спаць і курэй бачыць (пасвіць) — пра вельмі пільнага, хітрага, скрытнага чалавека.

Спаць мёртвым сном — спаць вельмі моцна, не прачынаючыся.

Спаць у шапку — бяздзейнічаць, не праяўляць руплівасці, быць абыякавым да чаго‑н. тады, калі трэба неадкладна дзейнічаць.

Спаць як заяц — спаць вельмі чутка.

Спаць як пшаніцу прадаўшы — спаць моцным сном.

спача́тку, прысл.

1. У першы момант. Хлопцам страшна было спачатку, а пасля ўсякі страх мінуў. Колас. — Між іншым, мы з вамі з аднаго цэха, — засмяялася дзяўчына. Алесь спачатку здзівіўся. Шыцік. // Напачатку чаго‑н. (шляху, працы і пад.). Спачатку.. [партызаны] ішлі балотам, асцярожна шукаючы нагамі больш цвёрдага месца. Шчарбатаў. // Перш за ўсё, папярэдне, раней. Пачынаем дзень спачатку Фізкультурнаю зарадкай. Раз — налева, Два — направа, Крок наперад, Крок назад. А. Александровіч. Я выпраг Дэраша, прывязаў да воза, ён і пачаў хрумстаць памаленьку сена, выбіраючы спачатку лепшае. Якімовіч.

2. Яшчэ раз; зноў. [Жонка] быццам ажыла ці спачатку пачала жыць. Чорны. [Лаўрэн:] — Куды ні зірні — усё пачынай спачатку, а тут табе ані хамута, а ні шыі. Ракітны.