Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прыкме́та, ‑ы, ДМ ‑меце, ж.

1. Адметная рыса, па якой можна пазнаць каго‑, што‑н., вызначыць што‑н. Па слядах, па безлічы толькі яму [егеру] вядомых адзнак і прыкмет ён мог беспамылкова вызначыць дакладную колькасць кожнага віду дзікіх жывёл на сваім участку. В. Вольскі. Прыкметы падышлі якраз: знарок запушчаная барада, два залатыя зубы. Брыль. [Нася:] — Але калі вельмі хочаш выбраць мяне, дык запомні прыкмету: у маіх валасах будзе белая кветачка. Якімовіч. // Тое, што ўказвае на з’яўленне, наступленне чаго‑н. Сённяшняй раніцай у яго з’явіў ся апетыт — верная прыкмета выздараўлення. Шахавец. Яшчэ з поўдня надвор’е гразілася дажджом. На тое былі ўсе неабходныя прыкметы: душнае сонца, парнасць зямлі, смуга ў паветры. Скрыган.

2. У забабонных уяўленнях — рыса, з’ява, якая прадвяшчае што‑н. Бусел, стораж хаціны, склаў гняздо на страсе тут, нібы даў селяніну ён для шчасця прыкмету. Дубоўка. Павук па промню спускаецца ўніз, верыць хачу я ў старую прыкмету: спускаецца — значыць будзе мне ліст. Барадулін. — Добрая прыкмета! — сказаў стары Банэдык. — Калі дарогу перабег воўк — добра. Чарнышэвіч.

•••

Мець на прыкмеце гл. мець.

На прыкмеце (быць) у каго — аб тым, хто (што) з’яўляецца прадметам чыёй‑н. увагі, цікавасці і пад.

прыкме́тлівы, ‑ая, ‑ае.

Абл. Назіральны, здольны ўсё прыкмячаць і запамінаць. У рамястве .. [Васіль] быў здатным, прыкметлівым, а ў гаспадарскіх справах часта спатыкаўся. Кулакоўскі.

прыкме́тна,

1. Прысл. да прыкметны (у 1 знач.).

2. безас. у знач. вык. Можна бачыць, відаць. Было прыкметна, што пані Ядвіга хацела яшчэ нешта дадаць да характарыстыкі «пана доктара». Васілевіч.

прыкме́тнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць прыкметнага.

прыкме́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Які можна прыкмеціць, распазнаць, адрозніць вокам, поглядам. Цяпер я стаю на месцы, прытуліўшыся да сцяны, каб не быць прыкметныя, і чакаю. Галавач. Над левым брывом у Кірылы Пракопавіча досыць прыкметны шрам. Паслядовіч. [Рэня] прыглядалася да яго няскладнай фігуры.. і ў куточках яе губ блукала, хавалася ледзь прыкметная ўсмешка. Лынькоў. // Адчувальны, значны. Звычайнае вячэрняе пахаладанне не было нават прыкметным. Чарнышэвіч. Небагата баек напісаў Я. Колас, але ў развіцці гэтага жанру ў беларускай літаратуры яны пакінулі прыкметны след. Казека.

2. Які прыцягвае да сябе ўвагу, кідаецца ў вочы; адметны. Яшчэ на.. [пасажыры] было надта прыкметнае паліто — пера[н]іцаванае, пашытае рэгланам з некалі дарагога сукна. Карпюк. У такой, як Алеся, касынцы яна. У чырвонай касынцы, прыкметнай здалёк. Куляшоў.

3. Які выдзяляецца сярод падобных, мае свае асаблівыя адзнакі. Быў .. [Слесарэнка] чалавек прыкметны. Амаль двухметровага росту, спакойны, чарнявы, смелы і рашучы ў баі. Бураўкін. Агрыпіна ведала і помніла сям’ю Грушкаў, тым больш, што хата іх прыкметная: пры шляху — адна. Пестрак.

4. Які з’яўляецца, служыць прыкметай, адзнакай. Прыкметны знак. □ Адтуль зусім не цяжка знайсці прыкметны выварацень. Якімовіч.

прыкме́ціцца, ‑мечуся, ‑мецішся, ‑меціцца; зак.

Разм. Кінуцца ў вочы, заўважыцца. Добра, што прыкмецілася хоць восень.. Вясны .. [Мікіта Мінавіч] амаль што не прыкмячаў, лета таксама быццам абмінула яго. Кулакоўскі. // Запомніцца, застацца ў памяці.

прыкме́ціць, ‑мечу, ‑меціш, ‑меціць; зак., каго-што або з дадан. сказам.

1. Убачыць, звярнуць увагу; заўважыць. Шэранькую, пад колер пасохлай травы, [птушку] цяжка прыкмеціць. Пальчэўскі. Агей, прайшоўшы на другі дзень па вуліцы, прыкмеціў, што побач з разбуранымі хатамі стаяць новыя — пяцісценкі. Каваль. Разведчыкі прыкмецілі: штосьці непакоіць Белазора. Янкоўскі. // Убачыўшы, звярнуўшы ўвагу, запомніць. Ты прыкмеціў таго дзядзьку, што прыходзіў да нас учора раніцай? Новікаў.

2. Звярнуць асаблівую ўвагу, вылучыць сярод іншых. Дом пісьменнікаў.. стаў тым месцам, дзе хутка перазнаёміліся ўсе — і старэйшыя і маладзейшыя. Якуб Колас прыкмеціў і мяне — маладога паэта. Хведаровіч. [Маёр] прыкмеціў спрытненькую сястру і рознымі адзнакамі ўвагі пачаў вылучаць яе сярод іншых. Быкаў.

3. Прыгледзець, падшукаць; намеціць. — Паеду пад Баранавічы, там месца добрае прыкмеціў у адной вёсцы... Новікаў.

прыкме́чаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад прыкмеціць.

прыкмяча́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да прыкмеціцца.

2. Зал. да прыкмячаць.

прыкмяча́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прыкмеціць.