прыкме́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Які можна прыкмеціць, распазнаць, адрозніць вокам, поглядам. Цяпер я стаю на месцы, прытуліўшыся да сцяны, каб не быць прыкметныя, і чакаю. Галавач. Над левым брывом у Кірылы Пракопавіча досыць прыкметны шрам. Паслядовіч. [Рэня] прыглядалася да яго няскладнай фігуры.. і ў куточках яе губ блукала, хавалася ледзь прыкметная ўсмешка. Лынькоў. // Адчувальны, значны. Звычайнае вячэрняе пахаладанне не было нават прыкметным. Чарнышэвіч. Небагата баек напісаў Я. Колас, але ў развіцці гэтага жанру ў беларускай літаратуры яны пакінулі прыкметны след. Казека.

2. Які прыцягвае да сябе ўвагу, кідаецца ў вочы; адметны. Яшчэ на.. [пасажыры] было надта прыкметнае паліто — пера[н]іцаванае, пашытае рэгланам з некалі дарагога сукна. Карпюк. У такой, як Алеся, касынцы яна. У чырвонай касынцы, прыкметнай здалёк. Куляшоў.

3. Які выдзяляецца сярод падобных, мае свае асаблівыя адзнакі. Быў .. [Слесарэнка] чалавек прыкметны. Амаль двухметровага росту, спакойны, чарнявы, смелы і рашучы ў баі. Бураўкін. Агрыпіна ведала і помніла сям’ю Грушкаў, тым больш, што хата іх прыкметная: пры шляху — адна. Пестрак.

4. Які з’яўляецца, служыць прыкметай, адзнакай. Прыкметны знак. □ Адтуль зусім не цяжка знайсці прыкметны выварацень. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)