прыкме́ціць, ‑мечу, ‑меціш, ‑меціць; зак., каго-што або з дадан. сказам.
1. Убачыць, звярнуць увагу; заўважыць. Шэранькую, пад колер пасохлай травы, [птушку] цяжка прыкмеціць. Пальчэўскі. Агей, прайшоўшы на другі дзень па вуліцы, прыкмеціў, што побач з разбуранымі хатамі стаяць новыя — пяцісценкі. Каваль. Разведчыкі прыкмецілі: штосьці непакоіць Белазора. Янкоўскі. // Убачыўшы, звярнуўшы ўвагу, запомніць. Ты прыкмеціў таго дзядзьку, што прыходзіў да нас учора раніцай? Новікаў.
2. Звярнуць асаблівую ўвагу, вылучыць сярод іншых. Дом пісьменнікаў.. стаў тым месцам, дзе хутка перазнаёміліся ўсе — і старэйшыя і маладзейшыя. Якуб Колас прыкмеціў і мяне — маладога паэта. Хведаровіч. [Маёр] прыкмеціў спрытненькую сястру і рознымі адзнакамі ўвагі пачаў вылучаць яе сярод іншых. Быкаў.
3. Прыгледзець, падшукаць; намеціць. — Паеду пад Баранавічы, там месца добрае прыкмеціў у адной вёсцы... Новікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)