прыкла́дка, ‑і, ДМ ‑дцы, ж.
Спец. Прыманне неабходнага для прыцэльвання становішча.
пры́кладны, ‑ая, ‑ае.
1. Прыблізны. Прыкладны тэрмін. □ «Заўтра вышлю дзве разведкі, дальнюю і бліжнюю», — вырашыў .. [Міхееў], прачарціўшы на карце прыкладны маршрут. Шамякін.
2. Выдатны, узорны. Прыкладныя паводзіны. □ Першага верасня Дзёмка пайшоў у школу і хутка стаў прыкладным вучнем. Сіняўскі. Ён [Мірон] жа змагаўся, Упарта свайго дамагаўся. Прыкладным, лепшым калгасам калгас яго зваўся. Куляшоў.
прыкла́дны, ‑ая, ‑ае.
Разм. Звязны, складны (пра мову).
прыкладны́, ‑а́я, ‑о́е.
Які мае чыста практычнае значэнне, прымяняецца на практыцы. Прыкладныя навукі. Прыкладная электратэхніка. Прыкладное мастацтва.
прыклані́ць, ‑кланю, ‑клоніш, ‑клоніць; зак., што.
Разм. Схіліць, нахіліць, прыгнуць. Хлопчык слова не прароніць, Дзеду ў вочы ён глядзіць І галоўку чуць прыклоніць, Не варушыцца, маўчыць. Колас. Жонка .. [Тараса] ўгледзела, узрадавалася, нешта пытае, а ён, хмуры, як лес у буру, пайшоў проста к нябожчыцы, прыкланіў калені. Нікановіч.
прыкла́сці, ‑кладу, ‑кладзеш, ‑кладзе; ‑кладзём, ‑кладзяце; заг. прыкладзі; зак., што.
1. Пакласці на што‑н., наблізіць да сутыкнення з чым‑н. Маці прыклала да галавы дзеду намочаную халодную хустачку, і дзед паспакайнеў, пачаў дыхаць раўней. Хомчанка. [Майбарада] непрыкметна прыклаў палец да вуснаў, што значыла маўчы і згаджайся. Шамякін. Шашура прыклаў вуха да рэйкі — ці не ідзе поезд. Мележ. // Паклаўшы што‑н. зверху, прыціснуць. Прыкласці сыр каменем. // чым. Пакрыць, абкласці чым‑н. з мэтай лячэння. Прыклала да раны бабуля Гаючыя лекі з травы. Смагаровіч.
2. Дадаць, далучыць да чаго‑н. Прыкласці да заявы даведку з месца жыхарства. Прыкласці да дакументаў фотакартку. □ Запоўніць лепш анкету, Прыкласці біяграфію, Чым скласці кнігу гэту. Вітка. // Разм. Прыдумаць, дадаць ад сябе (пры пераказе чаго‑н.).
3. Накіраваць дзеянне чаго‑н. на што‑н., выкарыстаць з якой‑н. мэтай. Прыкласці ўсе намаганні. Прыкласці веды. □ — Старанна нам не пазычаць, абы знайшлося, дзе яго прыкласці, — адказаў Даніла. Пальчэўскі. Сходы на фронце заўсёды выклікалі ў Язэпа прыліў сіл, энергіі і празрыстую яснасць, як і куды прыкласці гэтую сілу. Асіпенка.
•••
Прыкласці рукі да каго-чаго — тое, што і прылажыць рукі да каго-чаго (гл. прылажыць).
прыкла́сціся, ‑кладуся, ‑кладзешся, ‑кладзецца; ‑кладзёмся, ‑кладзяцеся; зак.
1. Наблізіцца да сутыкнення чым‑н. (вокам, тварам, рукой і пад.) да чаго‑н. [Таццяна] падышла да акна, прахукала ў замёрзлай шыбе шчыліну, прыклалася да яе адным вокам. Шамякін. Ні шклянкі табе, ні кубка Ніхто тут не паднясе. І хлопцы ўдвух да дзюбкі Прыклаліся па чарзе. Нядзведскі.
2. Спец. Прыняць неабходнае для прыцэльвання становішча. Саша прыклаўся да кулямёта і выпусціў доўгую чаргу. Новікаў.
3. да чаго. Разм. Накіраваць сваё дзеянне, сілы на што‑н. Добра прыкласціся да пілы. □ Толькі прыкладуся алоўкам да паперы: хрусь — зламаўся. Асіпенка.
4. Разм. Выпіць, з’есці чаго‑н. Прыкласціся да каўбас. □ [Карэспандэнт:] — Дзякую, дзякую, Генадзь Іванавіч. Давайце спачатку зробім справу, а потым можна і да чаркі прыкласціся. Сабаленка. Лёнька кінуў круціцца на бервяне, сарамліва абцёр вусны і прыклаўся да вядра. Хадановіч.
прыкле́ены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад прыклеіць.
прыкле́іцца, ‑клеюся, ‑клеішся, ‑клеіцца; зак.
Прымацавацца да чаго‑н. з дапамогай клею або чаго‑н. клейкага. Папера добра прыклеілася. // Прыліпнуць, прыстаць да чаго‑н. З-пад вязанай шэрай хусткі выбілася пасмачка русявых [валасоў] і прыклеілася да ўспацелага лба. Навуменка. // перан. Замацавацца за кім‑н. (пра мянушку, прозвішча). Вось і прыклеілася да .. [Максіма] мянушка «Маўчун». Капусцін. Я і сам ведаў, што сёння вяселле Лаўрэнавага Жэнькі, хлопца, да якога з маленства яшчэ прыклеілася мянушка «Цыца». Сіпакоў.
прыкле́іць, ‑клею, ‑клеіш, ‑клеіць; зак., што.
Прымацаваць клеем або чым‑н. клейкім. Прыклеіць плакат. Прыклеіць аб’яву. □ Бараду прыклеіў, Зноў парык надзеў. Бядуля. // перан. Замацаваць за кім‑н. (прозвішча, мянушку). Аксану ўсе Міленькай звалі, а мяне Насацікам. Чаму Міленькая — зразумела, а Насаціка мне прыклеілі з прычыны непамернага майго носа. Пянкрат. З Веньямінам Мудрык лічыцца, бо яму мянушкі не прыклеіў. Навуменка.
прыкле́йванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. прыклейваць — прыклеіць.
прыкле́йвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да прыклеіцца.
2. Зал. да прыклейваць.