прыкла́сці, ‑кладу, ‑кладзеш, ‑кладзе; ‑кладзём, ‑кладзяце; заг. прыкладзі; зак., што.

1. Пакласці на што‑н., наблізіць да сутыкнення з чым‑н. Маці прыклала да галавы дзеду намочаную халодную хустачку, і дзед паспакайнеў, пачаў дыхаць раўней. Хомчанка. [Майбарада] непрыкметна прыклаў палец да вуснаў, што значыла маўчы і згаджайся. Шамякін. Шашура прыклаў вуха да рэйкі — ці не ідзе поезд. Мележ. // Паклаўшы што‑н. зверху, прыціснуць. Прыкласці сыр каменем. // чым. Пакрыць, абкласці чым‑н. з мэтай лячэння. Прыклала да раны бабуля Гаючыя лекі з травы. Смагаровіч.

2. Дадаць, далучыць да чаго‑н. Прыкласці да заявы даведку з месца жыхарства. Прыкласці да дакументаў фотакартку. □ Запоўніць лепш анкету, Прыкласці біяграфію, Чым скласці кнігу гэту. Вітка. // Разм. Прыдумаць, дадаць ад сябе (пры пераказе чаго‑н.).

3. Накіраваць дзеянне чаго‑н. на што‑н., выкарыстаць з якой‑н. мэтай. Прыкласці ўсе намаганні. Прыкласці веды. □ — Старанна нам не пазычаць, абы знайшлося, дзе яго прыкласці, — адказаў Даніла. Пальчэўскі. Сходы на фронце заўсёды выклікалі ў Язэпа прыліў сіл, энергіі і празрыстую яснасць, як і куды прыкласці гэтую сілу. Асіпенка.

•••

Прыкласці рукі да каго-чаго — тое, што і прылажыць рукі да каго-чаго (гл. прылажыць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)