Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

спатне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Разм. Тое, што і спацець. Над вухам нешта зашыпела, я спужаўся, паляцеў уніз. Бухнуўся на мох каля птушанят. Адразу спатнеў. Карпюк.

спатрэ́біцца, ‑блюся, ‑бішся, ‑біцца; зак.

Стаць патрэбным, неабходным. Як ведаў, што шатровачка на блінцы спатрэбіцца. Грахоўскі. Зяць, відаць, дапытваўся, навошта ён так тэрмінова спатрэбіўся. Шамякін. [Дуся], відаць, чакала, ці не спатрэбіцца ў чым-небудзь яе паслуга. Ракітны. Настойлівасць .. [Тураўца] тут вельмі спатрэбілася. Мележ. / у безас. ужыв. Аднойчы ўвосень Антонаваму бацьку спатрэбілася паехаць нечага на станцыю. Васілёнак.

спатрэ́біць, ‑блю, ‑біш, ‑біць; зак., што.

Зрасходаваць, выкарыстаць на што‑н. У Касцюкевіча было запісана надзіва ўсё дакладна: колькі ён страціў вугалю, колькі ўзяў вады, .. колькі спатрэбіў на бягучыя рамонты. Скрыган.

спатыка́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. спатыкаць — спаткаць.

спатыка́цца 1, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да спатыкнуцца.

2. Ісці, няспрытна, няёмка ступаючы (ад слабасці, стомы і пад.). Ад стомы .. [конь] хістаўся ў бакі, спатыкаўся. Мележ. Два разы прагна, глыбока зацягнуўся [Шура], і закружылася галава, стаў спатыкацца, як п’яны. Навуменка.

спатыка́цца 2, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да спаткацца.

спатыка́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да спаткаць.

спатыка́ч, ‑а, м.

Гарэлка або спірт, настоеныя на мускатным арэху і прыправах.

спатыкну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

1. Зачапіўшыся за што‑н. пры хадзе, бегу, страціць раўнавагу. На прыступцы лесвіцы .. [Наташа] спатыкнулася і ледзь не ўпала. Гарбук. Нялоўка пераступіўшы парог, .. [Даніла] спатыкнуўся на ручку плуга і ледзь не ўпаў. Краўчанка.

2. перан. Разм. Сустрэць перашкоду ў чым‑н.; патрапіўшы на цяжкасці, спыніць якое‑н. дзеянне, перастаць рабіць што‑н. А як сеў [Валодзька] за стол, спатыкнуўся на першым жа слове. І заела: ні туды, ні сюды. Гамолка. Абмеркаванне ішло гладка. Толькі на Вараціле сход спатыкнуўся. Карпюк.

3. перан. Разм. Зрабіць якую‑н. памылку ў жыцці, дзейнасці. Каб суд яму [кладаўшчыку] ласкава дараваў, То болей ён ужо не спатыкнецца. Корбан. [Бацька:] — Адзін ты мая надзея. Глядзі, сынку, не спатыкніся. Дамашэвіч.

спаўдня́, прысл.

Разм. Пасля паўдня, пасля 12 гадзін дня. На рыштаваннях будаўнік нястомны Кладзе муры і зранку, і спаўдня. Пушча. Ужо спаўдня і ўжо касцу Аж гоніць з голаду асцу. Крапіва.

спаўза́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. спаўзаць — спаўзці (у 1–3 і 5 знач.) і знач. дзеясл. спаўзацца — спаўзціся.