плёс, ‑а, м.
Шырокі ціхі ўчастак ракі паміж перакатамі або астравамі. Антось прапанаваў схадзіць на той плёс, дзе вясной добра браліся акуні. Ляўданскі.
плёск, ‑у, м.
Тое, што і плёскат. У гэты момант пачуўся плёск, нібы хто кінуў У раку камень. Ваданосаў. Але тут нечакана пачуўся плёск вёслаў, і да рыбаловаў пад’ехаў човен. Самуйлёнак.
плёскат, ‑у, ДМ ‑каце, м.
Шум, які ўтвараецца ад падзення вады (вадкасці) або ад удару чым‑н. па паверхні вады (вадкасці); пляск. Вясна. Вечары над Сожам, ціхі плёскат хваль, крыкі дзікіх качак у густых чаротах... Дуброўскі. Яшчэ начамі рэчку ў зорах Будзілі плёскатам самы, — Калі стары вандроўнік-жораў Пачуў пагрозны дых зімы. Кірэенка.
плёскацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Плюхацца. Бліскучаю сталёваю стужкаю ззяе Прыпяць, і толькі ў глыбозных чорных бухтах яе плёскаюцца самы, узнімаючы срэбныя кругі-абручы. Колас. Хлапчук радасна плёскаўся ў начоўках і смяяўся. Шамякін. Вада ў вёдрах зазыбалася і пачала плёскацца цераз краі. Карпаў.
плёскаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да плёснуць.
плёснуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Плюхнуць. [Люська] ўжо ўслухоўваецца ў гукі з ракі, дзе толькі што плёснуў сом і куды ўсё гэтак жа застыгла пазірае Сабіна. Ракітны. Віхор ашалеўшы, сляпы З сіняга возера На бераг хвалямі плёснуў. Танк.
плётка 1, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Раменны, вяровачны і пад. бізун. Плёткамі пасечанае цела, Да плячэй кашуля прыкіпела, Ды жывы Данілка. Бялевіч.
плётка 2, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Неправераная або ілжывая чутка, якая перадаецца з вуснаў у вусны і звычайна шкодзіць чыёй‑н. рэпутацыі. Той такую плётку прынёс, той гэткую. Так і малолі языкамі да самага полудня. Карпюк. Пушчаная злым языком плётка, што хадакоў затрымалі за зладзейства і пасадзілі ў астрог, хутка развеялася. Пальчэўскі.
•••
Бабскія плёткі (казкі) — беспадстаўныя чуткі, нагаворы.
плёханне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. плёхаць — плёхнуць.
плёхацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да плёхнуцца.