прывяза́цца, ‑вяжуся, ‑вяжашся, ‑вяжацца; зак.
1. Прымацавацца да чаго‑н. вяроўкай, рэменем і пад. [Макараў] сеў у кабіну, прывязаўся, агледзеўся. Алешка.
2. перан. Адчуць прыхільнасць да каго‑, чаго‑н., неабходнасць быць дзе‑н., з кім‑, чым‑н. Мая так прывязалася да Наташы, што калі тая, занятая якой-небудзь тэрміновай працай доўга не прыходзіла да іх, сумавала. Краўчанка. Будучы здольным моцна прывязацца да чалавека, [Галынскі] не знаходзіў людзей, якія маглі б выклікаць у ім пачуцці гэткай прывязанасці. Галавач.
3. перан. Прыстаць да каго‑н. з назойлівымі просьбамі, пытаннямі і пад. — Ды што ты, чалавек! Ашалеў?!. Каб я так сваю гаспадарку аглядаў, як я бачыў твайго каня.. І чаго прывязаўся чалавек? Крапіва. — Язэп, уставай — крычыць ён [дзед] сыну: Уставай у гэтую ж хвіліну! — .. — Чаго да хлопца прывязаўся? Лепш лёг бы каменем. Набраўся! — Гаворыць баба і сярдуе. Колас. // Пачаць неадступна ісці за кім‑н., праследаваць каго‑н. Сабака прывязаўся за хлопчыкам.
4. Спец. Звязацца з якім‑н. арыенцірам, суаднесціся з чым‑н.
прывяза́ць, ‑вяжу, ‑вяжаш, ‑вежа; зак.
1. што. Звязаўшы, завязаўшы вузлом, прымацаваць да чаго‑н. [Мая] справілася з плынню і да лодкі дабралася хутка, прывязала вяроўку і ўзнятаю рукою дала знаць, што ўсё гатова. Дуброўскі. Сымон прывязаў лейцы да лёсткі, саскочыў з воза і пайшоў .. поруч. Чарнышэвіч. // Прымацаваць да чаго‑н. пры дапамозе вяроўкі, рэменя і пад. [Параход] прывязалі канатамі, паклалі дошкі на бераг, пачалі высаджваць палонных. Лынькоў. За канаўкаю чалавек прывязаў каня да мізэрнай астачы плота і сам крута павярнуў за вугал. Чорны.
2. перан.; каго. Цесна звязаць з кім‑, чым‑н., паставіць у залежнасць ад каго‑, чаго‑н. Без млына Нічыпар не мог пражыць. Пятнаццаць гадоў моцна прывязалі яго да старой, пахілай будыніны. Асіпенка. Некалькі разоў за той дзень .. [Антон] ўкрадкам варочаўся да дарогі і кожны раз адыходзіў назад. Але вялікая сіла прывязала яго да гэтага месца. Чорны.
3. перан., каго. Выклікаць прывязанасць да каго‑н. — І наогул — ён асілак-чалавек. Увойдзе, абзавецца і адразу прывяжа да сябе. Лужанін.
4. што. Спец. Звязаць з якім‑н. арыенцірам, суаднесці з чым‑н.
прывя́званне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. прывязваць — прывязаць (у 1 знач.) і прывязвацца — прывязацца (у 1, 3 знач.).
прывя́звацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да прывязацца.
2. Зал. да прывязваць.
прывя́зваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да прывязаць.
пры́вязка, ‑і, ДМ ‑зцы; Р мн. ‑зак; ж.
Вяровачка, шнурок, раменьчык і пад. для прывязвання чаго‑н. Прывязка цэпа. □ Парвалася сырамятная прывязка, трэба было ісці ў хату па нож, каб прарэзаць пяцельку. Крапіва.
прывя́зка, ‑і, ДМ ‑зцы; ж.
Дзеянне паводле дзеясл. прывязваць — прывязаць (у 1, 4 знач.) і прывязвацца — прывязацца (у 1, 4 знач.).
прывязны́, ‑ая, ‑ое.
Прызначаны для прывязвання; такі, які можна прывязаць. Прывязны рэмень.
пры́вязь, ‑і, ж.
1. Вяроўка, рэмень, ланцуг і пад., якімі прывязваюць, прымацоўваюць каго‑, што‑н. Ласяня тупала каля дубка, нарабіла сарвацца з прывязі. С. Александровіч. Прыгледзеўшыся, .. [Андрэй] убачыў, што хтось адвязвае цялё, якое пасвілася на прывязі. Дуброўскі.
2. Прыстасаванне для прывязвання жывёлы на адкрытым месцы. Разагнацца не было дзе. Я аб’ехаў вакол прывязі. Якімовіч.
•••
Трымаць язык на прывязі гл. трымаць.
прывя́лены, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад прывяліць.
2. у знач. прым. Злёгку правялены.
прывя́ліць, ‑вялю, ‑вяліш, ‑вяліць; зак., што.
Трохі, злёгку завяліць або правяліць. Прывяліць рыбу.